Беларуская Служба

Губарэвіч: Кожная кампанія назірання выяўляе факты парушэнняў

13.08.2019 12:01
Выбары ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу сёмага склікання пройдуць 7 лістапада, у Палату прадстаўнікоў — 17 лістапада 2019 года.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.ulleo/pixabay.com/CC0 Public Domain

Кожная кампанія назірання „Права выбару” выяўляе канкрэтныя факты парушэнняў, фальсіфікацый і махінацый, якія не дазваляюць назваць выбары ў Беларусі дэмакратычнымі, а парламент — легітымным. Пра гэта на прэс-канферэнцыі 12 жніўня ў Мінску заявіў старшыня руху „За Свабоду” Юрась Губарэвіч, паведамляе БелаПАН.

„Рэжым Аляксандра Лукашэнкі, асабліва яго знешнепалітычнае ведамства, усяляк спрабуе легітымізаваць дзейную ўладу — не столькі ў вачах беларускіх грамадзян, якім, можа быць, усё ясна, колькі ў вачах заходніх партнёраў. Пытанне прызнання Палаты прадстаўнікоў паўнавартасным органам ставіцца на кожнай выбарчай кампаніі ў парламент. І адзіная магчымасць паказаць, што гэты орган не выбіраецца людзьмі ў Беларусі, а фармуецца выключна па загадзе вертыкалі, — правесці паўнавартаснае назіранне”, - кажа Юрась Губарэвіч.

Паводле яго, гэтае назіранне патрэбнае не толькі для таго, каб зафіксаваць нейкія факты парушэнняў, але для таго, каб зрабіць выбары ў Беларусі свабоднымі і дэмакратычнымі.

„Гэта наша асноўная задача. Кожная кампанія дае нам магчымасць за кошт таго, што мы знаходзім парушэнні, фальсіфікацыі, махінацыі на выбарах, паказваць на канкрэтныя факты, якія не дазваляюць назваць выбары дэмакратычнымі і лічыць легітымным абранне парламента”, — дадаў ён.

Як сцвярджае Губарэвіч, апазіцыйныя структуры з ліку арганізатараў кампаніі назірання вылучаюць сваіх кандыдатаў у дэпутаты менавіта для таго, каб прадэманстраваць, як адбываюцца фальсіфікацыі.

„Менавіта для гэтага мы выстаўляем сваіх кандыдатаў, атрымліваем падтрымку грамадства, распаўсюджваем інфармацыю пра свае прапановы, знаходзім доказы і ўплываем на тое, каб выбары ў рэшце рэшт праводзіліся зусім па іншых прынцыпах і падыходах”, — падсумаваў палітык.

Кампанію назірання „Права выбару" праводзяць Аб'яднаная грамадзянская партыя, Партыя БНФ, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), аргкамітэты па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” і Партыі свабоды і прагрэсу, рух „За Свабоду”, Беларуская партыя „Зялёныя” і незалежны прафсаюз РЭП.

Выбары ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу сёмага склікання пройдуць 7 лістапада, у Палату прадстаўнікоў — 17 лістапада 2019 года.

аз