Беларуская Служба

Мінск наведвае дэлегацыя Кангрэсу ЗША

14.08.2019 09:12
Яе ўзначальвае чалец Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША Майк Куіглі са штату Ілінойс, які наведвае Беларусь упершыню.
Kongres Stanów Zjednoczonych
Kongres Stanów ZjednoczonychShutterstock

Дэлегацыя Кангрэсу Злучаных Штатаў наведвае Мінск 13–14 жніўня. Яе ўзначальвае чалец Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША Майк Куіглі са штату Ілінойс, які наведвае Беларусь упершыню, перадае 'ʼРадыё свабодаʼʼ.

Як пісала амбасада ЗША, дэлегацыя мае сустрэцца з беларускімі афіцыйнымі асобамі, каб «абмеркаваць двухбаковыя адносіны ЗША і Беларусі і падкрэсліць прыхільнасць ЗША да падтрымкі суверэнітэту і незалежнасці Беларусі».

Міністэрства замежных справаў Беларусі паведаміла, што 13 жніўня Куіглі сустрэўся з намеснікам міністра замежных справаў Беларусі Андрэем Дапкюнасам.

«Суразмоўцы абмеркавалі тэматыку рэгіянальнай бяспекі, магчымасці пашырэння беларуска-амерыканскага ўзаемадзеяння ў гандлёва-эканамічнай і гуманітарнай сфэрах, – піша МЗС. – Адзначаная важнасць дадатковых узаемных намаганняў па ўмацаванні даверу ў двухбаковых адносінах».

Мяркуючы па фота, на сустрэчы таксама прысутнічала Джэніфэр Мур – часовая павераная ў справах ЗША ў Беларусі.

Зранку 13 жніўня дэлегацыя была ў Вільні, дзе сустрэлася з літоўскім міністрам замежных справаў Лінасам Лінкявічусам. Як піша Diena.lt, апошні расказаў амерыканскай дэлегацыі сярод іншага пра тое, што Літва бачыць пагрозу нацыянальнай бяспецы ў будаўніцтве БелАЭС.

эж