Беларуская Служба

Лукашэнка падпісаў указ аб правядзенні ў Мінску матчавай сустрэчы Еўропа-ЗША па лёгкай атлетыцы

17.08.2019 12:01
Прыняцце ўказа дасць магчымасць спрасціць працэдуру ўезду ў краіну для ўдзельнікаў матчавай сустрэчы і замежных турыстаў.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: jarmoluk /pixabay.com/CC0 Public Domain

Аляксандр Лукашэнка 16 жніўня падпісаў указ № 308 „Аб падрыхтоўцы і правядзенні матчавай сустрэчы па лёгкай атлетыцы”, паведамляе БелаПАН са спасылкай на прэс-службу прэзідэнта.

Матчавая сустрэча па лёгкай атлетыцы паміж зборнай камандай Еўропы і камандай ЗША адбудзецца на мінскім стадыёне „Дынама” 9—10 верасня 2019 года. Кожная каманда будзе ўключаць 152 спартсмены, якія разыграюць камандны кубак па выніках спаборніцтваў у 37 дысцыплінах лёгкай атлетыкі.

Указам устанаўліваюцца: бязвізавы рэжым для ўдзельнікаў, арганізатараў матчавай сустрэчы і замежных турыстаў з паспяховых у міграцыйным плане дзяржаў; льготы на перыяд падрыхтоўкі і правядзення матчавай сустрэчы для задзейнічаных у мерапрыемстве арганізацый; бясплатны праезд у грамадскім транспарце для валанцёраў і ўдзельнікаў спаборніцтваў; тэрміны дзеяння спецыяльнай мытнай працэдуры ў дачыненні да замежных тавараў, якія выкарыстоўваюцца.

За Беларускай федэрацыяй лёгкай атлетыкі замацоўваюцца выключныя правы на сімволіку матчавай сустрэчы. Гэтай федэрацыі даецца права выступаць рэкламадаўцам сацыяльнай рэкламы, звязанай з мерапрыемствам.

„Прыняцце ўказа дасць магчымасць спрасціць працэдуру ўезду ў краіну для ўдзельнікаў матчавай сустрэчы і замежных турыстаў, скараціць выдаткі рэспубліканскага бюджэту і сродкаў, якія прыцягваюцца на падрыхтоўку мерапрыемствы з іншых крыніц, павысіць цікавасць гледачоў”, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы прэзідэнта.

аз