Крэмль не баіцца, што афіцыйны Мінск пойдзе на больш-менш шчыльную супрацу з Вашынгтонам. Гэта вынікае з каментара, які прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў даў з нагоды візіта ў Беларусь дарадчыка прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джона Болтана, паведамляе «Еўрарадыё».
«Казаць пра шчыльнае ўзаемадзеянне Беларусі і ЗША, нам здаецца, у цяперашні момант не выпадае», – цытуе словы Пяскова агенцтва ТАСС. Ён удакладніў, што прадстаўнік Адміністрацыі прэзідэнта ЗША прыбудзе з працоўным візітам, а пра поўнафарматныя афіцыйныя кантакты гаворка не ідзе.
Пяскоў дадаў, што працягваецца развіццё Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, а таксама Еўразійскага эканамічнага саюза.
Журналісты пацікавіліся, ці можа Беларусь пачаць закупляць амерыканскую нафту і ці не будзе гэта пярэчыць інтарэсам Расіі ў рэгіёне. «Гэта суверэнная справа Беларусі», – адказаў прэс-сакратар Пуціна.
Па яго словах, закупкі нафты залежаць ад эканамічнай мэтазгоднасці. У якасці прыкладу Пяскоў згадаў сітуацыю з цэнамі на газ. «Можна газ даражэй купляць на спотавым рынку, можна танней купляць трубны газ, які ідзе з Расіі (...)», – патлумачыў чыноўнік. Ён дадаў, што кожная краіна сама прымае рашэнне.
Візіт Джона Болтана ў Беларусь чакаецца на гэтым тыдні. Паводле неафіцыйных звестак, ён будзе сустракацца з Аляксандрам Лукашэнкам.
вс