У Беларусі з 1989 года назіраецца тэндэнцыя павышэння сярэднегадавой тэмпературы паветра. За гэты час яна павысілася на 1,3 градуса, паведаміла журналістам намеснік начальніка Белгідрамета Святлана Кузьміч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Назіранні вядуцца з 1881 года, і на першым этапе адзначалася чаргаванне перыядаў пацяплення і пахаладання. „Змяненне клімату пачалося з 1989 года рэзкім павышэннем тэмпературы паветра зімой. Яно прадаўжаецца да гэтага часу”, - адзначыла Святлана Кузьміч.
Тэмпературная анамалія распаўсюджваецца нераўнамерна, ваганні складаюць ад 1 да 1,5 градуса. Найменшыя адхіленні зарэгістраваны на метэастанцыях у Клічаве і Лельчыцах, найбольшыя - у Віцебску і Пінску. Самым цёплым за ўсю гісторыю метэаназіранняў стаў 2015 год: сярэднегадавая тэмпература склала плюс 8,5 градуса пры норме 6,7 градуса цяпла.
Адзін з самых цёплых сезонаў - лета 2010 года. Яно было рэкордным па колькасці гарачых дзён і працягласці спёкі: ад 43 дзён на поўначы да 70 дзён у паўднёвых раёнах паветра прагравалася да 25 градусаў і вышэй, а на працягу 11 - 39 дзён тэмпература перавышала 30 градусаў. У жніўні 2010 года пабіты рэкорд абсалютнага максімуму - 38,9 вышэй за нуль на метэастанцыі Гомель. „Гэты паказчык не перавышаны па сённяшні дзень”, - адзначыла Святлана Кузьміч.
У цэлым, паводле яе слоў, за апошнія пяць гадоў колькасць дзён з тэмпературай роўнай і вышэйшай за 25 градусаў павялічылася на 24 дні. У 2018 годзе на поўдні краіны было больш за 90 гарачых дзён.
„Калі не прымаць меры па зніжэнні тэмпаў змянення клімату, то да канца стагоддзя ў Беларусі максімальная тэмпература паветра павысіцца да 40-42 градусаў, а працягласць кліматычнай зімы скароціцца да 40-60 дзён”, - адзначыла Святлана Кузьміч.
Яна дадала, што гэтыя змяненні значна ўплываюць на сацыяльна-эканамічнае развіццё, ураджайнасць сельскагаспадарчых культур.
Белгідрамет на пастаяннай аснове вядзе маніторынг кліматычных параметраў, штогод выпускаецца агляд кліматычных асаблівасцей мінулага года і існуючых гідраметэаралагічных небяспечных з'яў. З 2017 года ў рамках праграм развіцця сістэмы гідраметэаралагічнай бяспекі Саюзнай дзяржавы распрацоўваюцца рэкамендацыі па адаптацыі да змяненняў клімату ў сельскагаспадарчай, будаўнічай, энергетычнай і транспартнай галінах. Сфарміравана першая чарга архіва даных для перспектыўнай ацэнкі сцэнарнага прагнозу змяненняў клімату на тэрыторыі СД.
аз