Каля 5 тыс. першакурснікаў і магістрантаў БДУ ўсіх формаў навучання стануць карыстальнікамі электронных заліковак, паведамляе партал naviny.by. Гэты пілотны праект, адзначылі ў ВНУ, дазволіць стварыць шматфункцыянальны вэб-сэрвіс для студэнтаў і аптымізаваць атэстацыйны працэс.
Як тлумачыць прэс-служба БДУ, IT-інавацыя ўключае ўсе функцыі свайго папяровага прататыпа і значна спрашчае падрыхтоўку справаздачнай дакументацыі і аналіз паспяховасці. Акрамя таго, студэнты і іх бацькі ў любы час могуць атрымаць доступ праз асабісты кабінет студэнта да прагляду экзаменацыйных адзнак за ўвесь перыяд навучання. Таксама электронная залікоўка вызваляе студэнтаў ад неабходнасці замены папяровага дакумента пры яго пашкоджанні або згубе.
Распрацоўшчыкам навацыі выступіў Цэнтр інфармацыйных тэхналогій БДУ. Праца над праектам, паведамлялі ў ВНУ, вялася ў рамках рэалізацыі комплексу мерапрыемстваў Стратэгіі лічбавай трансфармацыі БДУ, прынятай у 2018 годзе.
Нагадаем, у мінулым годзе студэнты ВНУ сталі ўладальнікамі шматфункцыянальнага электроннага студэнцкага білета, сумешчанага з банкаўскай аплатнай карткай. А ў 2003 годзе БДУ стаў першай ВНУ Беларусі, які ўвёў у карыстанне электронныя студэнцкія білеты. У 2010 годзе яны былі ўкаранёныя ва ўсе ўстановы вышэйшай адукацыі краіны.
вс