Беларуская Служба

Нямецкія палітыкі: Беларуская незалежнасць — у стратэгічнай цікавасці ЕС

03.09.2019 12:01
Аўтары артыкула заклікаюць „не адстаўляць Беларусь убок” і „ні ў якім разе не разглядаць яе як пярэдні двор Масквы”.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:MichaelGaida /pixabay.com/CC0 Public Domain

З артыкулам пра небяспеку ўваходжання Беларусі ў склад Расіі выступілі ў аўтарытэтнай нямецкай газеце Frankfurter Allgemeine Zeitung мясцовыя палітыкі — члены партыі „Зялёныя” Марылуізе Бек і Ральф Фюкс.

Матэрыял заснавальнікаў берлінскага інтэлектуальнага Цэнтра ліберальнай сучаснасці — былога дэпутата бундэстагу, спікера фракцыі па пытаннях усходнееўрапейскай палітыкі Марылуізэ Бек і яе мужа экс-прэзідэнта Фонду Генрыха Бёля Ральфа Фюкса быў апублікаваны 2 верасня пад загалоўкам „Пуцін хапаецца за Беларусь”, паведамляе БелаПАН.

„Беларусь пасля няўдалага дэмакратычнага руху 2010 года ў значнай ступені знікла з еўрапейскай публічнай сферы. Гэта можа апынуцца памылкай. Краіна стала найноўшым месцам расійскіх вялікадзяржаўных амбіцый. У асноўным незаўважна для Захаду Пуцін узмацняе націск, каб прымусіць Беларусь да дзяржаўнага саюза. Гэта азначала б канец беларускай незалежнасці і значна змяніла б стратэгічную сітуацыю ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе”, — лічаць аўтары.

„Сёння ясна, што Беларусь можа апусціцца да ўзроўню маскоўскай правінцыі, — перакананыя нямецкія палітыкі. — Пасля анексіі Крыма аншлюс быў бы чарговым трыумфам Пуціна, які карэктуе гісторыю. У распадзе Савецкага Саюза ён бачыць, як вядома, "найвялікшую геапалітычную катастрофу XX стагоддзя”. Адначасова Саюзная дзяржава адкрыла б Пуціну зручны шлях да новага прэзідэнцтва пасля заканчэння цяперашняга тэрміну паўнамоцтваў.

Пакуль Лукашэнку ўдаецца „стрымлівае супраціў”, ён „адкрыта не ставіць пад сумнеў саюзны дагавор, але настойвае на беларускім суверэнітэце”. „Ён не хоча станавіцца намеснікам на пуцінскую ласку і хоча трымаць убаку сваю краіну ад канфлікту Расіі з Захадам. Анексію Крыма ён разглядае як папераджальны сігнал”, - пішуць аўтары артыкула.

„ЕС павінен знайсці шлях умацавання беларускай незалежнасці без легітымацыі дыктатарскага праўлення Лукашэнкі”, — лічаць Бек і Фюкс. „Любое супрацоўніцтва з аўтарытарным рэжымам раўназначнае хаджэнню па вастрыі нажа. Гэта адносіцца да Беларусі, як і да Расіі ці Саудаўскай Аравіі”, — адзначаюць яны і задаюць пытанне: „Якія мінімальныя патрабаванні неабходна вылучыць перад Лукашэнкам як цану за збліжэнне з ЕС?”

Аўтары артыкула заклікаюць „не адстаўляць Беларусь убок” і „ні ў якім разе не разглядаць яе як пярэдні двор Масквы”. „Там шмат тых, хто адчувае сябе еўрапейцам. Візавая свабода, стыпендыяльныя праграмы і культурны абмен сталі б кіслародам для дэмакратычнай грамадзянскай супольнасці. Падтрымка малога і сярэдняга прадпрымальніцтва зменшыла б залежнасць ад магутнай дзяржавы. На гэтых каталізатарах перамен павінна канцэнтравацца беларуская палітыка ЕС”, - заключаюць Марылуізэ Бек і Ральф Фюкс.

аз