Прыдатны час для рэалізацыі прапанавай афіцыйным Мінскам ініцыятывы „Хельсынкі-2” яшчэ не надышоў, заявіў у Мінску генеральны сакратар АБСЕ Томас Грэмінгер, адказваючы на пытанне карэспандэнта „Радыё Свабода”.
„Я вельмі цаню ролю Беларусі ў будаванні мастоў. У сітуацыі, дзе падзел паміж Усходам і Захадам працягвае паглыбляцца і ва ўмовах гвалтоўнага канфлікту, як мы маем, я лічу вельмі важным прапаноўваць платформу для дыялогу”, — сказаў Грэмінгер.
Ён заахвоціў Лукашэнку трымацца гэтай „доўгатэрміновай прапановы” і „не расчароўвацца, калі мы ня здолеем рэалізаваць гэта сёння ці заўтра”. Паводле генеральнага сакратара АБСЕ мае надысці „прыдатны палітычны момант”, калі ўсе асноўныя бакі будуць гатовыя.
Грэмінгер таксама згадаў нядаўні запуск міжнароднай ініцыятывы Cooperative Security Initiative, якая „накіраваная на тое ж, што і „Хельсынкі-2“”. Паводле яго, адзін з 18 топ-прадстаўнікоў „фабрык думак”, якія будуць рыхтаваць глебу для рэалізацыі ініцыятывы — беларускі палітолаг Яўген Прэйгерман.
Летась Беларусь распрацавала канцэпцыю ініцыятывы „Хельсынкі-2”, якая магла б стаць аналагам Хельсынкскаму працэсу. Паводле афіцыйнага Мінску, яна мусіць дапамагчы вырашыць асноўныя праблемы на тэрыторыі Эўра-Атлантыкі і Эўразіі.
аз