Беларуская Служба

Сярод самых забруджаных гарадоў Беларусі лідарам застаецца Наваполацк

04.09.2019 15:10
У Беларусі статыстыку вядуць Міністэрства прыроды і Белстат. Самыя свежыя звесткі - за 2017 г.
Ілюстрацыйны здымакshutterstock

Міністэрства прыроды Расіі назвала 22 рускія гарады з найбольшай забруджанасцю паветра. У топ трапілі толькі населеныя пункты з азіяцкай часткі краіны - піша Свабода.

У топе Абакан (упершыню), Ангарск, Барнаул, Брацк, Зіма, Іркуцк, Іскітым (упершыню), Краснаярск, Кызыл, Лесасібірск, Мінусінск, Навакузнецк, Нарыльск, Пятроўск-Забайкальскі, Свірск, Селенгінск, Улан-Удэ, Усолле-Сібірскае, Чаромхава, Чарнагорск, Чыта і Шэлехаў. З топу выбылі Чэгдамын і Магнітагорск.

Насельніцтва гэтых гарадоў агулам складае звыш 5 млн чалавек.

У Беларусі падобную статыстыку вядуць Міністэрства прыроды і Белстат. На момант публікацыі самыя свежыя падрабязныя звесткі – за 2017 год.

Рэйтынгу па суме ўсіх паказнікаў няма, але ў выкідах забруджвальных рэчываў у атмасфэру ад стацыянарных крыніц (г. зн. заводаў, але не аўтамабіляў) у лідарах:

• Наваполацк (51,7 тысячы тонаў на год);
• Менск (18,3);
• Жлобін (10,7);
• Горадня (9,4);
• Гомель (8,6).

У выкідах на душу насельніцтва лідар таксама Наваполацк (505 кг на чалавека за год), следам за ім Жлобін (141), Слуцак (37), Полацк (28), Горадня (26) і Светлагорск (25).

У 2018 годзе, як пісаў «Ежедневник», самым брудным раёнам застаўся Полацкі (57,8), за ім ішлі Мазырскі (33,7), Жлобінскі (13,6) і Чашніцкі (12,6), а таксама горад Менск (18,3). Самымі чыстымі назвалі Краснапольскі і Чэрыкаўскі (каля нуля выкідаў ад стацыянарных крыніц), Хоцімскі і Чавускі раёны (на 0,2 тысячы тонаў за год).
Шкодныя выкіды ад мабільных крыніц (транспарт) нават удвая большыя за выкіды ад стацыянарных. Дэталёвага рэйтынгу па гарадах няма, але ў лідарах на 2017 год былі Менская вобласць (178,6 тыс. т) і Менск (136,8), следам ішлі Брэсцкая (116,1), Гомельская (97,8) і Гродзенская вобласці (94,2).

Свабода/нг