Пытанне канчатковых прапаноў па далейшым супрацоўніцтве з Расіяй у рамках перамоўнага працэсу і выпрацоўкі праграмы дзеянняў застаецца актуальным, заявіў Аляксандр Лукашэнка 4 верасня на нарадзе па пытаннях развіцця эканомікі, паведамляе БелаПАН.
„У сувязі з тым, што ідзе падрыхтоўка да прыняцця прагнозных паказчыкаў на будучы год, то бок плана нашага развіцця, перш за ўсё ў эканоміцы, мы дамовіліся, што сустрэнемся і пагаворым аб праблемах эканомікі ў будучыні. Ніхто не хавае таго, што Расія — гэта асноўны рынак рэалізацыі нашай прадукцыі. На жаль, мы дыверсіфікуемся, але павольна”, — сказаў Лукашэнка. Фрагмент нарады паказаў у выпуску навін тэлеканал СТВ.
„Асноўная наша задача — дыверсіфікаваць рынкі збыту, не страціўшы прыбытковасць пры продажы нашай прадукцыі. Так, мы рухаемся ў гэтым кірунку, але вельмі павольна. Залежнасць вельмі вялікая, хай нават ад братняй краіны. У сувязі з гэтым зразумела, што залежнасць нашай краіны ад паставак вуглевадароднай сыравіны з Расіі вельмі вялікая. Мы з улікам асноўных рынкаў рэалізацыі паставак сыравіны ў Беларусь заўсёды гэта ўлічваем”, — зазначыў Лукашэнка.
„Таму пытанне супрацоўніцтва з Расіяй і канчатковых прапаноў па далейшым супрацоўніцтве ў рамках перамоўнага працэсу і выпрацоўкі праграмы дзеянняў застаецца актуальным. Трэба дакладна спланаваць на будучыню, па якіх напрамках, як мы будзем развівацца", — дадаў беларускі кіраўнік.
Абноўленая праграма дзеянняў па рэалізацыі саюзнай дамовы можа быць парафіраваная прэм'ер-міністрамі Беларусі і Расіі ў верасні, паведаміў кіраўнік беларускага ўрада Сяргей Румас 23 жніўня па выніках сустрэчы з Лукашэнкам. Праект абноўленай праграмы налічвае 66 пунктаў. Практычна ўсе яны ўзгодненыя. У аснове канцэпцыі — прынцып „дзве краіны — адзін рынак”.
аз