Беларуская Служба

Зась: узаемаадносіны з НАТО не ідуць ва ўрон супрацоўніцтву Беларусі з Расіяй

05.09.2019 13:04
Аб гэтым журналістам заявіў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Беларусі Станіслаў Зась.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: geralt/pixabay.com/CC0 Public Domain

Узаемаадносіны Беларусі з блокам НАТО, у тым ліку краінамі-суседзямі, развіваюцца не ва ўрон супрацоўніцтву з Расіяй. Аб гэтым журналістам заявіў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Беларусі Станіслаў Зась, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

„Нельга гаварыць, што мы, дапусцім, сабраліся ў Варшаве (сустрэча з удзелам высокіх прадстаўнікоў ЗША, Польшчы і Украіны, якія адказваюць за пытанні бяспекі. - Заўвага БЕЛТА) і там размаўлялі супраць кагосьці або інтрыгі там плялі. Ні ў якім разе. Нашы партнёры добра ведаюць, і там таксама аб гэтым гаварылася, што Расія - наш стратэгічны саюзнік і партнёр. І нашы ўзаемаадносіны ні з блокам НАТО, ні з нашымі суседзямі, яны не ва ўрон супрацоўніцтву з Расійскай Федэрацыяй. Мы развіваем кантакты і з нашымі заходнімі суседзямі, і з Расіяй”, - падкрэсліў Станіслаў Зась.

Ён расказаў, што на наступным тыдні ў Беларусь прыедзе сакратар Савета бяспекі Расіі Мікалай Патрушаў.

„Гэта планавая паездка. Яна ні ў якім разе не ўвязана з нейкімі міжнароднымі падзеямі”, - сказаў дзяржсакратар Савета бяспекі.

Станіслаў Зась расказаў, што сустрэча ў Варшаве ў канцы жніўня адбылася па ініцыятыве польскіх партнёраў. Былі праведзены двухбаковыя сустрэчы з калегамі з Украіны і Польшчы, а таксама ў складзе прадстаўнікоў чатырох краін, уключаючы Беларусь і ЗША.

Абмяркоўваліся перш за ўсё пытанні забеспячэння бяспекі ва Усходне-Еўрапейскім рэгіёне, закраналіся і больш глабальныя тэмы. „Ішла размова і па Дагаворы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці (ДРСМД), перспектывах дагавора СНВ-ІІІ (паміж Расіяй і ЗША аб мерах па далейшым скарачэнні і абмежаванні стратэгічных наступальных узбраенняў. - Заўвага БЕЛТА)”, - расказаў дзяржсакратар Савета бяспекі.

Акрамя таго, уздымаліся тэмы нераспаўсюджання ядзерных матэрыялаў, процідзеяння трансгранічнай злачыннасці, падтрымання інфармацыйнай бяспекі.

У цэлым Станіслаў Зась назваў сустрэчу ў Варшаве карыснай: „Мы атрымалі магчымасць выказаць свае ацэнкі, пачулі нашых партнёраў, суседзяў, з якімі ў нас агульная граніца, гісторыя, ды і ўзаемаадносіны даволі цесныя”.

Ішла размова і па тэме ўзаемаадносін Беларусі з НАТА. „Мы пацвярджаем, што зацікаўлены ў развіцці гэтага супрацоўніцтва. Вітаем, што нарэшце зняты абмежаванні на кантакты прадстаўнікоў высокага ўзроўню паміж блокам НАТА і Беларуссю. Гэта неабходна для таго, каб будаваліся адносіны”, - падкрэсліў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі.

аз