У пераважнай большасці выпадкаў аўтары калектыўных зваротаў у Беларусі не згадваюць правы чалавека, мяркуючы гэта фактарам, які можа адмоўна паўплываць на поспех петыцыі.
На днях Цэнтр даследавання грамадскага кіравання СІМПА прадставіў вынікі працы «Аналіз электронных зваротаў у кантэксце правоў чалавека». Мэтай даследавання, праведзенага ў ліпені-жніўні гэтага года, было высветліць, ці ёсць праваабарончы кампанент у дзейнасці па стварэнні петыцый у дзяржаўныя органы, а таксама вывучыць матывацыю і стаўленне да правоў чалавека і праваабарончай дзейнасці аўтараў і патэнцыйных аўтараў петыцый.
Як паведаміла на прэзентацыі Таццяна Кузіна, адна з аўтараў даследавання, прааналізавана каля 1.100 электронных зваротаў грамадзянаў (петыцый), створаных карыстальнікамі на сайце petitions.by за 2017 і 2018 гады і накіраваных у дзяржаўныя органы Рэспублікі Беларусь, апытана 499 карыстальнікаў сайта petitions.by, праведзена глыбінныя інтэрвʼю з актыўнымі стваральнікамі петыцый.
З даследавання вынікае, што з 1.100 петыцый толькі 97 заяўлена аўтарамі як праваабарончыя – 8,8 %. Яшчэ 487 петыцый – дэ-факта праваабарончыя, аднак аўтары іх не гавораць, што гэта сфера правоў чалавека. Мы маем тут вынік, калі палова з разгляданага масіву цалкам можа быць аднесена да петыцый праваабарончым, але з-за розных матываў аўтары альбо па няведанні, альбо наўмысна не ўжываюць словазлучэнне «правы чалавека», – падсумоўваюць даследнікі.
Праваабарончы характар петыцый вынікае з таго, што яны тычацца права на атрыманне, захоўванне i распаўсюджванне поўнай, дакладнай i своечасовай iнфармацыi аб дзейнасці дзяржаўных органаў, грамадскі аб’яднанняў, аб палітычным, культурным i міжнародным жыцці, стане навакольнага асяроддзя.
юл