Урачыстасці афіцыйна адкрыліся цырымоніяй ускладання кветак да стэлы "Мінск — горад-герой" на скрыжаванні праспектаў Пераможцаў і Машэрава. На зялёнай зоне каля стэлы да позняга вечара будзе ісці міжнародны фестываль гістарычнай рэканструкцыі "Мінск старажытны" з удзелам членаў рыцарскіх клубаў, - паведамляе БелаПАН.
На пляцоўцы ў раёне Палаца спорту - міжнародныя спаборніцтвы "Наймацнейшы пажарны-выратавальнік".
У Верхнім горадзе пачаў працу міжнародны праект "Мінск інтэрнацыянальны". Вечарам там жа адбудзецца канцэрт з удзелам артыстаў балета Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра.
У 20.00 пачнецца ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу "Мінчанін года" — упершыню на Кастрычніцкай плошчы і з вольным уваходам. За ёй на цэнтральнай плошчы сталіцы пройдзе святочны канцэрт.
Акрамя урачыстасцяў на цэнтральных пляцоўках святочныя мерапрыемствы запланаваныя ва ўсіх раёнах сталіцы.
Так, у Кастрычніцкім раёне асноўныя ўрачыстасці пройдуць у гарналыжным цэнтры "Сонечная даліна" ў парку Курасоўшчына, у Партызанскім раёне — у Цэнтральным дзіцячым парку імя Горкага, Першамайскім — у парку культуры і адпачынку імя Чалюскінцаў, Заводскім — на пляцоўцы каля "Чыжоўка-Арэны", Ленінскім — у Лошыцкім сядзібна-паркавым комплексе і на пляцоўцы перад кінатэатрам "Салют", Маскоўскім — у парку імя Міхаіла Паўлава, Цэнтральным — у Траецкім прадмесці і парку Перамогі, Савецкім — у скверы каля Камароўскага рынку, Фрунзенскім — у парку 60-годдзя Кастрычніка і скверы ўздоўж вуліцы Данілы Сердзіча.
Завершыцца суботняе свята музычным феерверк-шоу а 23-й гадзіне ля Палаца спорту.
15 верасня свята працягнецца двума буйнымі мерапрыемствамі — Мінскім паўмарафонам і фестывалем "Дзень танкіста" у Парку Перамогі (арганізуе кампанія — распрацоўшчык камп'ютарных гульняў Wargaming). Акрамя гэтага, ва ўсіх раёнах горада запланаваныя канцэрты, конкурсы, спартыўныя спаборніцтвы, святы двароў.
яс