Сёння спаўняецца 20 гадоў з дня знікнення апазіцыйнага палітыка Віктара Ганчара і бізнэсоўца Анатоля Красоўскага. Яны былі выкрадзеныя 16 верасня 1999 года. На месцы іх знікнення былі знойдзеныя аскепкі аўтамабільнага шкла і сляды крыві, перадае Еўрарадыё.
Пракуратура Мінска пачала крымінальную справу па факце іх знікнення. Але вінаватых не знайшлі: у студзені 2003 года Ганчара і Красоўскага прызналі зніклымі без вестак, а справу спынілі. Пазней яе нанова адкрылі, аднак 5 лістапада 2018 года Следчы камітэт чарговы раз прыпыніў "у сувязі з невысвятленнем асобы, якая падлягае прыцягненню ў якасці абвінавачанага".
Праваабарончы цэнтр "Вясна", пазбаўлены афіцыйнай рэгістрацыі, называў асноўнымі падазраванымі Аляксандра Лукашэнку, Віктара Шэймана (тагачасны кіраўнік Савета бяспекі), Юрыя Сівакова і Уладзіміра Навумава (у розныя часы — міністры ўнутраных спраў), Дзмітрыя Паўлічэнку (тагачасны камандзір в/ч 3214) і Мікалая Васільчанку (тады начальнік Службы бяспекі прэзідэнта). Праваабаронцы грунтуюцца на рапарце генерал-маёра Мікалая Лапаціка кіраўніку МУС Уладзіміру Навумаву, пададзеным у 2000 годзе. Лапацік пісаў, што выкраданнем займаўся палкоўнік МУС Дзмітрый Паўлічэнка.
эж