Беларуская Служба

У Мінску чакаюць місію МВФ

22.10.2019 10:52
Беларусь пакуль не абмяркоўвае з Міжнародным валютным фондам умовы аднаўлення перамоў аб крэдытнай праграме.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар. geralt/pixabay.com/CC0 Public Domain

Беларусь пакуль не абмяркоўвае з Міжнародным валютным фондам умовы аднаўлення перамоў аб крэдытнай праграме, заявіў намеснік старшыні Нацыянальнага банка Дзмітрый Калечыц, адказваючы на пытанні БелаПАН у кулуарах канферэнцыі «БанкІТ-2019», пішуць naviny.by.

Ён адзначыў, што ў рамках восеньскай сесіі МВФ і Сусветнага банка беларускі бок абмяркоўваў з фондам пытанні, звязаныя з ацэнкай макраэканамічнай сітуацыі ў краіне і будучыні прагнозу на наступныя гады. «На наступным тыдні чакаецца місія МВФ, у рамках якой мы ўдакладнім бягучыя ацэнкі і адносна прагнозу», – сказаў Калечыц.

«Мы абмяркоўвалі толькі пытанні, звязаныя з ацэнкай агульнаэканамічных паказчыкаў і прагнозы на будучы год плюс пытанні тэхнічнай падтрымкі з боку МВФ. Там шырокі спектр па гэтай частцы як па манетарнай, так і фіскальнай палітыцы», – сказаў прадстаўнік Нацбанка.

Адказваючы на ўдакладняючае пытанне БелаПАН адносна ўмоў аднаўлення перамоў аб праграме з МВФ, ён заявіў, што не гатовы каментаваць гэтую сітуацыю: «Я не буду каментаваць гэтыя рэчы, паколькі гэтыя пытанні мы не абмяркоўваем цяпер з МВФ».

Раней міністр фінансаў Максім Ермаловіч адзначаў, што ў беларускага боку з МВФ «база для перамоваў ёсць».

ав