Дырэктар крамы Symbal.by Павал Белавус расказаў на Facebook пра забароненую і дазволеную рэкламу ў мінскім метро.
15 лістапада на станцыі метро «Кастрычніцкая» з'явіўся плакат крамы з партрэтам Кастуся Каліноўскага і паролем-адказам удзельнікаў паўстання 1863 году: «- Каго любіш? – Люблю Беларусь! – То ўзаемна», паведамляе Радыё Свабода.
Раней краме не дазволілі размясціць іншы рэкламны плакат у метро: на ім дзяўчына ў цішотцы з гербам «Пагоня» і надпісам «Пагоня побач». Намесніца дырэктара Мінскага метрапалітэну Ірына Розум патлумачыла, што рэкламны сюжэт разглядаўся спецыяльнай камісіяй па рэкламе ў метро, і тая вырашыла адмовіць у размяшчэнні рэкламы.
На якой падставе адмовілі, Ірына Розум не паведаміла. Герб «Пагоня» не толькі не зʼяўляецца нейкім чынам забароненай сімволікай, але і ўваходзіць у дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, што было пазначана ў тэксце на плакаце.
Раней намесніца старшыні Мінгарвыканкаму Ганна Мацельская тлумачыла прычыны адмовы тым, што «ў рэкламе забаронена выкарыстоўваць эмблемы і сімволіку асобамі, якія не маюць права на іх выкарыстанне». Як можна атрымаць права на колішнюю дзяржаўную сімволіку і гістарычны герб у рэкламе, у адказе не ўдакладнялася.
ав