Маршалак (старшыня) Сейма Польшчы Уладзімеж Чажасты паведаміў, што 19 чэрвеня прыме ў парламенце 16-гадовага Арцёма з Украіны і яго сям’ю. Падлетак у траўні стаў ахвярай жорсткага нападу на Свентакшыскім мосце ў Варшаве.
— Гэта не палітычны жэст. Незалежна ад настрояў у грамадстве трэба заставацца чалавекам, звяртаць увагу на такія выпадкі і называць дабро дабром, а зло злом, — заявіў Чажасты.
Паводле палітыка, Арцём атрымаў цяжкія траўмы, у тым ліку пералом чэрапа і сур’ёзныя пашкоджанні твару. Пасля нападу хлопцу спатрэбілася аперацыя і шпіталізацыя
Інцыдэнт адбыўся 7 траўня. Паводле следства, на трох украінскіх падлеткаў напала група маладых людзей. Паліцыя затрымала пяцёх грамадзян Польшчы ва ўзросце ад 15 да 18 гадоў. Следчыя падкрэсліваюць, што сабраныя доказы пакуль не сведчаць пра нацыянальную або этнічную матывацыю нападу.
Двум паўнагадовым падазраваным пагражае да васьмі гадоў пазбаўлення волі.
pap/эж