Беларуская Служба

У Капыльскім раёне на калонію вельмі рэдкіх грызуноў выгрузілі кучу гною

27.11.2019 17:23
Землекарыстальнік выгрузіў на поле з сеянымі травамі, дзе жывуць «чырванакніжныя» звяркі, велізарную кучу гною.
Куча гною на калоніі сусліка ў Капыльскім раёнеСямён Левы

18 лістапада мясцовы заолаг Сяргей Шакала на сваёй старонцы ў сацсетках паведаміў, што адна з калоній рабога сусліка аказалася пад пагрозай знікнення. Землекарыстальнік выгрузіў на поле з сеянымі травамі, дзе жывуць «чырванакніжныя» звяркі, велізарную кучу гною.

Спецыяліст грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) Сямён Левы выехаў у Капыльскі раён, каб прыняць меры для захавання месца пражывання рэдкага віду грызуноў. Высветлілася, што гной з суседняй фермы складуюць на полі з суслікамі, каб угнойваць палі паблізу. Гэтым разам яго выгрузілі на краі калоніі суслікаў.

Паводле ацэнак спецыялістаў у гэтай калоніі летам жыло каля 20 рабых суслікаў. А ўсяго некалькі такіх куч угнаенняў могуць прывесці да поўнага знішчэння калоніі.

Пасля праверкі на месцы высветлілася, што калонія не знішчаная. У радыусе да 200 м ад кучы выяўлена не менш за 15 нор суслікаў. Колькі апынулася пад кучай, ніхто не ведае. Толькі вясной спецыялісты змогуць пераканацца, колькі суслікаў тут засталося ў жывых.

Яшчэ ў верасні АПБ пісьмова папярэдзіла землекарыстальніка і раённую інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя аб пражыванні тут суслікаў і аб тым, што землекарыстальнік павінен прыняць меры для захавання гэтага месца пражывання віду і нясе адказнасць за кожнага загінулага па яго віне звярка. Вясной, калі суслікі выйдуць з нор, можна будзе скласці акт аб загінулых звярка на месцы размяшчэння арганічных угнаенняў і падлічыць шкоду, нанесеную прыродзе.

ав