Беларуская Служба

У Гродне прайшла акцыя супраць інтэграцыі з Расіяй

16.12.2019 10:00
Акцыя за незалежнасць Беларусі і супраць яе інтэграцыі ў Расію адбылася ў Гродне 15 снежня з удзелам каля ста чалавек.
.
. БелаПАН

Месцам для несанкцыянаванай акцыі быў абраны стары гарадскі мост і бліжэйшыя вуліцы. Як растлумачыў экс-кандыдат у дэпутаты Вадзім Саранчукоў, гэта цэнтр Гродна, дзе заўсёды шматлюдна, паведамдяе партал naviny.by.

Каля 15-й гадзіне ўдзельнікі акцыі, узяўшыся за рукі, сталі ў ланцуг уздоўж моста. Яны разгарнулі бел-чырвона-белыя сцягі і плакаты: «Дзе Расія – там вайна», «Беларусь не прадаецца», «Народзе, тады толькі зажывеш шчасліва, калі над табою маскаля ўжо ня будзе. Кастусь Каліноўскі».

Мінакі, веласіпедысты віталі прысутных словамі «Жыве Беларусь!», вадзіцелі аўтамабіляў сігналілі ў знак салідарнасці.

Міліцыянт папярэджваў удзельнікаў акцыі пра адказнасць за правядзенне несанкцыянаванага мерапрыемства. Людзі ў цывільным здымалі тое, што адбываецца на камеру. У фінале акцыі яе ўдзельнікі прайшлі з моста да Нёмана і спусцілі на ваду плыт з пенапласту. Да яго прымацавана рэзалюцыя супраць інтэграцыі з Расіяй.

Аўтары звароту заклікаюць міжнародную супольнасць праявіць салідарнасць з беларускім народам і пры дапамозе санкцый процідзейнічаць магчымаму падпісання расійска-беларускіх дамоўленасцяў аб паглыбленай інтэграцыі 20 снежня.

Па задумцы ўдзельнікаў акцыі, зварот павінен даплысці па Нёмане да Балтыйскага мора і Фінскага заліва да Пецярбурга, дзе 20 снежня кіраўнікі Беларусі і Расіі будуць весці перамовы аб інтэграцыі дзвюх краін. Копія рэзалюцыі будзе накіравана ў пасольства Расіі ў Беларусі.
Акцыя доўжылася каля гадзіны. У яе ходзе ніхто затрыманы не быў.

Апошні раз падобныя акцыі ў Гродне прайшлі вясной 2017 года, калі на вуліцы горада выходзілі мясцовыя жыхары, якія пратэставалі супраць дэкрэта «аб дармаедах».

ав