Міністэрства эканомікі ўзначаліць Аляксандр Чарвякоў. Адпаведнае кадравае рашэнне прыняў кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка, перадае Белта.
Да гэтага часу Аляксандр Чарвякоў працаваў на пасадзе першага намесніка міністра эканомікі. Пасада міністра заставалася вакантнай пасля назначэння Дзмітрыя Крутога першым віцэ-прэм’ерам. Аляксандр Лукашэнка цікавіўся, чаму для назначэння была прапанавана менавіта кандыдатура Аляксандра Чарвякова, наколькі сур'ёзна і грунтоўна яна была прапрацавана.
Кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Сергяенка пераконваў, што кандыдатура на пасаду міністра эканомікі прапрацоўвалася на альтэрнатыўнай аснове, было некалькі прэтэндэнтаў.
Аляксандр Чарвякоў нарадзіўся ў 1966 годзе ў в. Бабінічы Аршанскага раёна Віцебскай вобласці. У 1988 годзе скончыў горацкую Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію, у 1994 годзе аспірантуру. У 1988-1991 гадах – інжынер, вядучы інжынер-механік саўгаса-камбіната «Юбілейны» Аршанскага раёна. Са студзеня 2017-га – намеснік міністра эканомікі Беларусі. З лістапада 2018-га – першы намеснік міністра эканомікі.
Аляксандр Чарвякоў з’яўляецца кандыдатам тэхнічных навук, дацэнтам. Аўтар і суаўтар 7 манаграфій, навучальных і даведачных дапаможнікаў, звыш 90 навуковых працаў, 4 вынаходак.
эж