Беларуская Служба

„Белнафтахім” разлічвае на пастаўку з РФ у студзені 650 тыс. т нафты

07.01.2020 11:03
Гэта дасць магчымасць бесперабойна функцыянаваць абодвум беларускім нафтаперапрацоўчым заводам.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:redhawkgroup/pixabay.com/CC0 Public Domain

„Белнафтахім” разлічвае на пастаўку з РФ у студзені 650 тыс. т нафты, першая партыя складзе 100-130 тыс.т, паведаміў журналістам намеснік старшыні канцэрна Уладзімір Сізаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

„Для забеспячэння надзейнай работы НПЗ і паставак нафтапрадуктаў на ўнутраны рынак з адной з расійскіх нафтавых кампаній дасягнута дамоўленасць, што каля 100-130 тыс. т нафты будзе пастаўлена на першым этапе”, - сказаў Уладзімір Сізаў.


Пры гэтым ён удакладніў, што ёсць дамоўленасць з расійскім бокам, што ў цэлым у студзені можа быць перапампавана 650 тыс. т. Гэты аб'ём з улікам ужо назапашаных рэсурсаў дасць магчымасць бесперабойна функцыянаваць абодвум беларускім нафтаперапрацоўчым заводам.

„Для матэрыялізацыі дамоўленасцей неабходна, каб нафтавыя кампаніі пацвердзілі, што могуць перадаць гэты рэсурс для пастаўкі на тэрыторыю Беларусі. Мы дамовіліся, што такія тэхнічныя магчымасці ёсць, цяпер ідзе работа па пацвярджэнні, што гэты аб'ём будзе выкуплены ў нафтавых кампаній для пастаўкі менавіта ў Беларусь”, - растлумачыў намеснік старшыні „Белнафтахіма”.

Як паведамлялася, Расія 1 студзеня спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь. Беларускія НПЗ (Мазырскі НПЗ і „Нафтан”) знізілі загрузку да тэхналагічнага мінімуму. У „Белнафтахіме” заявілі, што гатовы забяспечыць патрэбы ўнутранага рынку ў аўтамабільным паліве ў поўным аб'ёме. Экспарт нафтапрадуктаў часова прыпынены.

4 студзеня „Белнафтахім” паведаміў аб дамоўленасці з РФ на пастаўку першай партыі нафты, якая закупляецца па цане без прэміі.


аз