Авіякампанія „Белавія” ўвяла ў летні расклад рэйс B2 879/880 з Мiнска ў сталіцу Аўстрыі Вену, паведамляе „Радыё Рацыя” са спасылкай на БелаПАН.
Пачынаючы з 29 сакавіка 2020 года рэйсы ў Венскі міжнародны аэрапорт будуць выконвацца штодзень з вылетам у 8.50 (па панядзелках, серадах, пятніцах і нядзелях) і ў 14.25 (па аўторках, чацвяргах і суботах).
Зваротны вылет у нацыянальны аэрапорт Мінск плануецца ў 10.45 (па панядзелках, серадах, пятніцах і нядзелях) і ў 16.10 (па аўторках, чацвяргах і суботах). Білеты ўжо паступілі ў продаж.
Кошт у адзін бок — ад 174 еўра, туды-назад 234 еўра (тарыф Light).
Час у дарозе складзе 1 гадзіну 55 хвілін. Як паведамляў БелаПАН, пытанне адкрыцця „Белавія” рэгулярных рэйсаў у Вену абмяркоўвалася 6 лістапада ў Мінску на сустрэчы міністра транспарту і камунікацый Аляксея Аўраменкі з паслом Аўстрыі ў Беларусі Алаізіяй Вергетэр.
Цяпер палёты на лініі Вена — Мінск — Вена выконваюцца авіякампаніяй „Аўстрыйскія авіялініі”. Такім чынам, з адкрыццём новага рэйса палёты паміж дзвюма сталіцамі будуць ажыццяўляцца 14 разоў на тыдзень перавозчыкамі дзвюх краін, па 7 частот кожным бокам — у адпаведнасці з дамоўленасцямі на ўзроўні авіяцыйных уладаў Беларусі і Аўстрыі. Авіякампанія „Белавія” ажыццяўляе рэгулярныя рэйсы ў 55 аэрапортаў 29 краін Еўропы і Азіі.
аз