З 4 па 6 студзеня больш за тысячу чалавек падпісаліся пад зваротам у органы ўлады аб ужыванні амністыі да асуджаных па „наркатычных” артыкулах. Збор подпісаў працягнецца яшчэ тыдзень, затым зварот будзе накіраваны ў Адміністрацыю прэзідэнта, Савет бяспекі, Генеральную пракуратуру, МУС і Палату прадстаўнікоў. Ініцыятар звароту — аргкамітэт па стварэнні грамадскай арганізацыі „Наша права”, паведамляе „Радыё Рацыя” са спасылкай на БелаПАН.
Подпісы збіраюцца ў электронным выглядзе на старонцы аргкамітэта ў адной з сацыяльных сетак. Грамадзяне заклікаюць органы ўлады „спрыяць уключэнню ў законапраект аб амністыі, прымеркаванай да 75-й гадавіны перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, моладзь, асуджаную на падставе ч. 1, 2, 3, 4 арт. 328 КК”.
У 2019 годзе да маладых людзей, асуджаных па „наркатычных” артыкулах, упершыню за доўгі час была прымененая амністыя: пакаранне зменшанае на адзін ці два гады.
Аўтары адзначаюць, што з-за велізарнай колькасці наркотыкаў і псіхатропаў, што ўвозяцца ў краіну, большасць асуджаных маладых людзей былі залучаныя ў наркаабарот альбо сталі ахвярамі правакацыйных дзеянняў.
„За негвалтоўнае злачынства, здзейсненае ўпершыню, пры раскаянні ў зробленым, за сотыя грамы сродкаў або рэчываў, альбо толькі на паказаннях зацікаўленых асоб нашу моладзь асуджаюць на дзесяцігоддзі. Знаходжанне ў пенітэнцыярнай сістэме моладзі такі доўгі час не спрыяе яе развіццю і сацыялізацыі”, - чытаем у звароце.
аз