Адкрыццё станцый «Кавальская Слабада», «Вакзальная», «Плошча Францішка Багушэвіча» і «Юбілейная плошча» плануецца прымеркаваць да так званага Дня незалежнасці Беларусі, перадае агенцтва «Мінск-Навіны».
Будаўніча-мантажныя работы на першых трох станцыях выкананы на 95-98%. Цяпер на іх завяршаецца чыставое аздабленне і праводзіцца мантаж тэхналагічнага абсталявання. На «Кавальскай Слабадзе» і «Вакзальнай» дызайнеры ўжо пачалі афармленне інтэр'ераў. Канструкцыйная гатоўнасць самай глыбокай па заляганні ў сталіцы станцыі «Юбілейная плошча» – каля 50%, будаўніча-мантажныя і аддзелачныя работы на ёй павінны быць завершаны да 1 сакавіка.
Апроч гэтага ў 2019 годзе ў распараджэнне сталічнага метрапалітэна пачалі паступаць сучасныя электрацягнікі, вырабленыя на прадпрыемстве «Штадлер Мінск», нагадвае агенцтва «Мінск-Навіны».
У ліку вартасцяў гэтай тэхнікі – функцыя аўтакіравання, плаўны ход і шумаізаляцыя, міжвагонны праход, кандыцыянеры, зарадныя прылады для гаджэтаў і многае іншае.
Да канца гэтага года рухомы парк метрапалітэна папоўніцца дзесяццю новымі саставамі. Частка з іх ужо праходзіць абкатку.
Ацаніць гэтую тэхніку пасажыры змогуць да канца першага квартала. Спачатку яна будзе абслугоўваць Аўтазаводскую лінію, а пазней і лінію Зялёны Луг.
эж