У Мінску праходзіць чарговы раўнд перамоваў па ўрэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны, паведамляе ў «Твітэры» МЗС Беларусі.
Сустрэча праходзіць у «Прэзідэнт-гатэлі» традыцыйна ў закрытым для СМІ фармаце, піша партал naviny.by.
Папярэдняе пасяджэнне трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні канфлікту на Данбасе адбылося 16 студзеня. У ім упершыню ў якасці спецпрадстаўніка АБСЕ ўдзельнічала швейцарскі дыпламат Хайдзі Граў, якая змяніла на гэтай пасадзе аўстрыйца Марціна Сайдзіка.
Па выніках перамоў яна паведаміла журналістам, што праца кантактнай групы была арыентавана перш за ўсё на імплементацыю рашэнняў, прынятых на снежаньскім саміце «нармандскай чацвёркі» ў Парыжы.
Падгрупа па бяспецы абмяркоўвала вызначэнне дадатковых участкаў развядзення сіл і сродкаў. Гуманітарная падгрупа падвяла вынікі абмену палоннымі, які адбыўся 29 снежня, эканамічная – абмеркавала пытанне водазабеспячэння праз лінію судакранання. Палітычная падгрупа займалася пытаннямі асаблівага статусу асобных раёнаў Луганскай і Данецкай абласцей і імплементацыі «формулы Штайнмаера» ва ўкраінскае заканадаўства.
Хайдзі Граў таксама адзначыла, што ў студзені ў параўнанні з канцом мінулага года «прыкметна скарацілася колькасць парушэнняў рэжыму спынення агню».
«Асабліва важна адзначыць, што ў мінулым годзе не загінула ні адно дзіця», – дадала спецпрадстаўнік АБСЕ.
вс
на фота: Данбас, калона ўкраінскіх бронеаўтамабіляў