Як удакладнілі ў Міністэрстве здароўя Беларусі, груз фармаваўся ў адпаведнасці з запытам кітайскага боку: 4,5 тоны антыбіётыкаў, 10 тон сродкаў дэзынфекцыі, ахоўныя сродкі для медычнага персаналу – пальчаткі, маскі, аднаразовае адзенне і г. д, паведамляе Радыё «Свабода».
Як адзначыў міністр здароўя Ўладзімер Каранік, ніхто не сумняваецца ў здольнасці Кітая кантраляваць сітуацыю, аднак на фоне панічных настрояў можа ўзнікаць ажыятаж на некаторыя лекі або медычныя вырабы. Таму любая дапамога будзе запатрабаваная.
Ён запэўніў, што ўся прадукцыя, якая накіроўваецца ў Кітай, выраблена ў Беларусі. Гаворкі аб рээкспарце кітайскіх тавараў няма.
Таксама ў Кітай гатовыя вылецець беларускія медыкі, якія плануюць заняцца вывучэннем сітуацыі на месцы.
Колькасць заражаных вірусам вырасла да 8 тысяч чалавек, прыкладна 170 хворых памерлі. Усе смяротныя выпадкі здарыліся ў Кітаі, аднак выпадкі заражэння вірусам зафіксаваныя ў Вʼетнаме, Тайландзе, Японіі, ЗША, Нямеччыне.
юл