Беларуская Служба

Суд пакінуў блогера за кратамі

23.02.2020 08:51
15 сутак арышту за палітычную налепку на сцяне.
Здымак мае ілюстрацыйны характарImage by Arek Socha from Pixabay/CC0

Суддзя Віцебскага абласнога суду Ірына Смалякова разгледзела скаргу актывіста Алеся Круткіна на рашэнне суду Кастрычніцкага раёну, які прысудзіў яму 15 сутак арышту за налепку «Калгаснай дыктатуры баста!». Паводле інфармацыі «Віцебскай Вясны», скарга пакінутая без задавальнення.

12 лютага суд Кастрычніцкага раёну Віцебску (суддзя Ілля Белавус) пакараў блогера Алеся Круткіна 15 суткамі арышту, а актывістку Наталлю Спірыдонаву 30 базавымі велічынямі штрафу – за налепку «Калгаснай дыктатуры баста!», якую яны размясцілі на будынку абласной пракуратуры. Іх дзеянні былі кваліфікаваныя як несанкцыянаванае пікетаванне (арт. 23.34. КаАП).

Разгляд скаргі ў Віцебскім абласным судзе прайшоў без удзелу самога актывіста – з ізалятару часовага ўтрымання на суд яго не прывезлі. Такім чынам, Алесь Круткін ня меў магчымасці адстойваць свае інтарэсы ў судовым паседжанні. Нагадаем, у ІЧУ ён быў змешчаны яшчэ 27 студзеня.

Суддзі Ірыне Смаляковай спатрэбілася ўсяго дзве хвіліны, каб разгледзець скаргу. Яна проста агучыла сваю пастанову «пакінуць рашэнне суду без зменаў, а скаргу – без задавальнення».

юл