Беларуская Служба

У Беларусі рыхтуюць новую стратэгію ўстойлівага развіцця

02.03.2020 17:20
Да 1 красавіка ўрад атрымае на разгляд Нацыянальную стратэгію ўстойлівага развіцця Беларусі да 2035 года.
Здымак мае ілюстрацыйны характарImage by StartupStockPhotos from Pixabay/CC0

Пра гэта паведаміў міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў у час пашыранага пасяджэння калегіі Мінэканомікі, перадае БелТА.

«Пры распрацоўцы стратэгіі ўлічваліся нацыянальныя інтарэсы і міжнародныя абавязацельствы па дасягненні Мэт устойлівага развіцця. Праводзіліся тэматычныя круглыя сталы з прыцягненнем шырокага кола экспертаў. Мы пастараліся пачуць кожную ініцыятыву. Сёння стаіць задача дапрацаваць стратэгію з улікам прапаноў дзяржорганаў і грамадскіх арганізацыяў, правесці яе грамадскае абмеркаванне і да 1 красавіка ўнесці ва ўрад», – сказаў Аляксандр Чарвякоў.

Акрамя таго, распрацавана канцэпцыя Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2021-2025 гады. Адпрацоўваюцца некалькі сцэнарыяў развіцця ва ўмовах новай рэальнасці. Адзін з іх мэтавы і павінен забяспечваць тэмп росту эканомікі вышэйшы за сярэднесусветны. Паводле слоў міністра, канцэпцыя разгледжана ва ўрадзе, сістэмныя напрамкі эканамічнай палітыкі прыняты за аснову для далейшай работы. «Адзін з драйвераў росту ў наступную пяцігодку – камерцыйныя віды паслуг.

Пры фармаванні праграмы і разлікаў да яе кожны галіновы рэгулятар павінен прадставіць канкрэтныя прапановы па іх развіцці. Асаблівы ўпор – на экспарт паслуг і меры па пашырэнні ўдзелу прыватнага бізнесу», – падкрэсліў чыноўнік.

юл