Віцэ-міністр гандлю і інтэграцыі Казахстана Кайрат Тарэбаеў заявіў 2 сакавіка ў Мінску, што яго краіна будзе пастаўляць у Беларусь нафту толькі з пошлінай, калі яна будзе ісці на рээкспарт. Або Беларусь павінна будзе гарантаваць, што нафта закупляецца для ўнутраных патрэб, піша Тэлеграф.
Па словах віцэ-міністра гандлю, сам Казахстан прымяняе пошліны 60 і 30 долараў за тону экспартнай нафты і нафтапрадуктаў адпаведна.
«Беларусь, у выпадку заключэння пагаднення, павінна будзе ўжываць такую пошліну, каб не было свайго роду ператокаў з Казахстана ў Еўразвяз праз Беларусь», – перадае словы Кайрата Тарэбаева «Інтэрфакс-Захад».
На думку віцэ-міністра Казахстана, у выпадку паставак нафты ў Беларусь без мытаў, яго краіна страціць каля 200 млн. долараў у год пры пастаўках 3,5 млн. тон нафты.
«Казахстану патрэбна гарантыя, што нафтапрадукты, якія будуць выпрацаваны на беларускіх НПЗ з казахстанскай нафты будуць спажывацца выключна на ўнутраным рынку», – удакладніў Кайрат Тарэбаеў.
Казахстан чакае, што Беларусь вырашыць, на якіх умовах гатова закупляць нафту. Магчыма, пагодзіцца купляць нафту толькі для ўнутранага рынку і дасць гарантыі, што яна не пойдзе на экспарт, ці Белнафтахіму прыйдзецца купляць нафту і перапрадаваць у ЕЗ з пошлінай.
«Мы спадзяемся, што беларускія калегі змогуць правільна адміністраваць працэс, то бок гарантаваць, што не будзе рээкспарту нафты і нафтапрадуктаў», – распавёў віцэ-міністр гандлю Казахстана.
ав