У Беларусі вылечаны першы пацыент з лабараторна пацверджаным дыягназам COVID-19, паведаміла прэс-сакратар Міністэрства аховы здароўя Юлія Барадун, паведамляюць naviny.by.
«З радасцю паведамляем, што ў студэнта з Ірана атрыманы першы адмоўны вынік на наяўнасць РНК каронавіруса. Нагадваем, менавіта ён быў першым пацыентам у Беларусі, у якога было дыягнаставана гэта захворванне. На сённяшні момант пацыент адчувае сябе здавальняюча», – адзначыла яна.
Згодна з дзеючым у свеце падыходам да лячэння пацыентаў з каронавіруснай інфекцыяй, яны могуць быць выпісаны пасля 14 дзён з моманту ўстанаўлення дыягназу і пасля двух адмоўных лабараторных тэстаў. Выпіска пацыента запланаваная на канец наступнага тыдня, удакладніла Барадун.
Гэта ж тычыцца і яго аднагрупнікаў і педагогаў – «кантактаў першага ўзроўню». За імі працягваецца медыцынскае назіранне, усе яны адчуваюць сябе здавальняюча, клінічных і лабараторных прыкмет інфекцыі не выяўлена. Яны змогуць прыступіць да заняткаў і працы па заканчэнні 14-дзённых каранцінных мерапрыемстваў. Усе асобы, якія адносяцца да кантактаў першага ўзроўню, таксама будуць знаходзіцца ў бальніцы да канца тэрміну каранціну.
Паводле інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, усе шэсць пацыентаў з лабараторна пацверджаным каронавірусам COVID-19 адчуваюць сябе здавальняюча: прыкмет захворвання няма, тэмпература цела нармальная. Працягваецца іх рэгулярнае клінічнае і лабараторнае абследаванне. Па заканчэнні 14 дзён і пасля атрымання адмоўных вынікаў тэстаў яны таксама могуць быць выпісаныя. Два пацыента знаходзяцца ў Віцебску, астатнія ў Мінску.
Па апошніх дадзеных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, усяго ў свеце COVID-19 заражана больш за 106 000 чалавек, памерла 3600 чалавек, паправіліся – больш за 59 800 пацыентаў.
ав