У МЗС Беларусі лічаць, што з эпідэміяй эфектыўна можна змагацца толькі сумеснымі намаганнямі. І гэты выклік стаў правяраннем стасункаў, перадае тэлеканал Белсат. Але тое, што Расія зачыніла мяжу, у тым ліку і для беларусаў, сведчыць пра штучны падзел, сказаў прэсавы сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз.
Паводле словаў прэс-сакратара МЗС Беларусі Анатоля Глаза, два выпадкі завозу каронавірусу ў краіну зафіксаваныя менавіта з Масквы.
«Беларусы ж пакуль нікому яго ня экспартавалі. Нават не хочацца фантазіяваць на тэму таго, якія ж павінны быць нашыя захады, вынікаючы з логікі расійскага боку», – сказаў Анатоль Глаз, прэс-сакратар МЗС Беларусі.
У беларускім МЗС падкрэсліваюць, што з інфекцыяй можна эфектыўна змагацца толькі сумеснымі намаганнямі.
«75 гадоў таму мы разам баранілі нашу агульную мяжу ад вонкавай пошасці. На жаль, сёння расіянаў і беларусаў штучна размяшчаюць па розныя бакі», – сказаў прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз.
Расія з 18 сакавіка і да першага траўня прыняла рашэнне зачыніць мяжу ў тым ліку і з Беларуссю праз каранавірус. Расійскі ўрад абвінаваціў Мінск у тым, што Беларусь не выконвае рэкамендацыі Сусветнай арганізацыі здароўя (САЗ).
Афіцыйны Мінск абурыўся захадамі Масквы. Аляксандр Лукашэнка абрынуўся з крытыкай на Расію.
эж