З панядзелку, 6 ліпеня, уводзяцца новыя правілы правозу вадкасцяў у Варшаўскім міжнародным аэрапорце імя Шапэна — афіцыйна адмяняецца правіла 100 мл у ручной паклажы, якое дзейнічала амаль 20 гадоў. Дзякуючы ўстаноўцы сучасных 3D-сканераў, зараз у салон самалёта можна будзе праносіць вадкасці ў ёмістасцях аб'ёмам да 2 л, а таксама пакідаць ноўтбукі і іншую электроніку ў сумках пры праходжанні дагляду, паведаміў прэс-сакратар варшаўскага аэрапорту Пётр Рудзкі.
Паводле яго слоў, дзякуючы новай тэхніцы аэрапорт зможа прапускаць да 100 тыс. чалавек штодзённа. Актуальна прапускная здольнасць складае 80-90 тыс. пасажыраў кожны дзень.
У мінулым годзе пасажырапаток Варшаўскага міжнароднага аэрапорту імя Шапэна склаў больш за 24 млн чалавек.
Абмежаванне на правоз вадкасцяў у ёмістасцях да 100 мл было ўведзенае ў Варшаве ў лістападзе 2006 года пасля раскрыцця тэрарыстычных планаў на трансатлантычных рэйсах. Доўгія гады пасажыры па ўсім свеце былі вымушаныя перакладаць шампуні, крэмы і гелі ў маленькія флаконы, пакаваць іх у празрыстыя пакеты і даставаць на кантролі.
Сканеры, устаноўленыя ў варшаўскім аэрапорце, ствараюць трохмерныя выявы багажу, дазваляючы супрацоўнікам службы бяспекі дэталёва аналізаваць яго без неабходнасці даставаць падазроныя прадметы з ручной паклажы.
вс