Беларуская Служба

СМІ распавялі пра змест 31-й дарожнай мапы па інтэграцыі Беларусі і РФ

18.03.2020 16:02
На перамовах аб паглыбленай інтэграцыі з Беларусі і Расеі Масква прапаноўвала распачаць працу над стварэннем 12 наднацыянальных органаў.
.
.GDJ/pixabay.com/CC0

Пра гэта піша РБК.

У лік наднацыянальных органаў, працу над стварэннем якіх прапаноўваў распачаць Крэмль, уваходзяць: адзіны эмісійны цэнтр, які прадугледжвае ўвядзенне адзінай валюты, падліковая палата і суд Саюзнай дзяржавы, адзіны мытны орган, адзіны орган па ўліку ўласнасці Саюзнай дзяржавы, адзіныя падатковыя і антыманапольныя органы. Таксама гаворка ішла пра адзіныя рэгулятары па наступных сферах: у галіне транспарту, прамысловасці, сельскай гаспадаркі, сувязі, плюс рэгулятар аб’яднаных рынкаў газу, нафты і электраэнергіі. Пра гэта РБК распавялі тры крыніцы, знаёмых з ходам перамоваў Масквы і Менску, піша Белсат.

Стварэнне гэтых органаў агаворваецца ў апошняй, так званай 31-й дарожнай мапе па інтэграцыі дзвюх краінаў. Пры гэтым размова не ідзе пра тое, каб адразу сфармаваць гэтыя органы – прапануецца распрацаваць дарожныя мапы па іх стварэнні, падкрэслівае выданне. Да якога тэрміну, суразмоўцы РБК сказаць не змаглі. У дакуменце таксама ідзе гаворка аб распрацоўцы дарожных мапаў, якія тычацца сумеснай стратэгіі Расеі і Беларусі ў сферы абароны, стварэння агульных банкаў дадзеных праваахоўных органаў, уніфікацыі заканадаўства, якое рэгулюе дзейнасць праваахоўных структураў і спецслужбаў.

Аднак, летам-восенню 2019 года прэзідэнты Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка дамовіліся засяродзіцца на абмеркаванні 30 мапаў, прыняць іх пакетам, а ўжо пасля, магчыма, вярнуцца да прапрацоўкі 31-й мапы, распавёў РБК іншы суразмоўца, знаёмы з ходам перамоваў аб інтэграцыі. Цяпер яны пастаўленыя на паўзу па ініцыятыве Мінска, дадае ён.

ав