Дапамогу ў вяртанні ў Беларусь патрэбна каля 8 тыс. турыстаў, якія куплялі пуцёўкі ў турфірмах і сутыкнуліся з закрыццём межаў з-за каранавіруса. Пра гэта паведаміла сёння журналістам дырэктар дэпартамента па турызму Міністэрства спорту і турызму Ірына Варановіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
«Сёння вырашаецца галоўная задача – вярнуць нашых турыстаў у Беларусь. Па дадзеных тураператараў, у Егіпце знаходзяцца каля 6 тыс. арганізаваных турыстаў. Каля 2 тыс. турыстаў сёння знаходзяцца ў іншых краінах», – распавяла Ірына Варановіч.
Па словах намесніка дырэктара дэпартамента па турызме – начальніка аддзела планавання і арганізацыі турысцкай дзейнасці Мінспорту Віталя Грыцэвіча, з Егіптам сітуацыю можна лічыць у цэлым урэгуляванай, перашкод для вылету ў Беларусь няма, «Белавія» па распрацаваным графіку вяртае беларускіх грамадзян дадому.
Ён удакладніў, што Беларусь дапамагае выехаць з Егіпта ў тым ліку расійскім турыстам. «Мы будзем вывозіць усіх турыстаў. Расійцы лёталі ў Егіпет праз нашы турфірмы, у іх выкупленыя месцы назад. Гэтак жа, як і грамадзяне Беларусі, яны атрымаюць месца ў самалёце. У нас няма тут ніякіх падзелаў. Грамадзяне Расіі знаходзяцца ў такой жа сітуацыі, як і беларусы», – адзначыў Віталь Грыцэвіч.
Што тычыцца самастойных турыстаў, то яны, як правіла, наўпрост звязваюцца з беларускімі пасольствамі за мяжой. Пры наяўнасці свабодных месцаў на чартарах для арганізаваных турыстаў самастойных падарожнікаў таксама бяруць на борт, удакладніў прадстаўнік Мінспорта.
ав