Міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей папрасіў кіраўніка МЗС Расіі Сяргея Лаўрова дапамагчы ў вяртанні беларусаў, якія затрымаліся за мяжой, паведамляе тэлеканал Белсат, спасылаючыся на прэсавую службу МЗС Беларусі.
Кіраўнікі вонкавапалітычных ведамстваў Беларусі і Расіі па тэлефоне абмеркавалі вяртанне беларусаў праз Расію на радзіму. Ва ўмовах абмежаванняў, якія ўвялі шэраг краінаў, тысячы грамадзянаў Беларусі апынуліся заблакаванымі.
Уладзімір Макей распавёў Сяргею Лаўрову пра складанасці, якія ўзнікаюць у беларусаў у аэрапорце «Внуково», а таксама папрасіў захаваць магчымасць пералёту грамадзянаў Беларусі з краінаў далёкага замежжа рэйсамі расейскіх авіякампаніяў.
Раней афіцыйна паведамлялася, што дапамога ў вяртанні ў Беларусь патрэбная каля 8000 турыстаў, якія набывалі пуцёўкі ў турфірмах і сутыкнуліся з закрыццём межаў праз каронавірус.
эж