Аляксандра Лукашэнку абураюць беларусы, якія, нягледзячы на сітуацыю з распаўсюджваннем каранавіруса, едуць за мяжу адпачываць, а пасля просяць іх забраць на радзіму. У пятніцу ён наведаў прыватнае прадпрыемства «Адані» ў Мінскім раёне і выказаўся на актуальныя тэмы, паведамляе «Еўрарадыё».
«А цяпер яны ламаюць дзверы нашых пасольстваў, тэлефануюць у МЗС: забярыце нас, – цытуе словы Лукашэнкі БелаТА. – Але мы не можам 10 тысяч у адзін дзень забраць».
Напярэдадні МЗС Беларусі паведаміла пра 11 тысяч беларускіх грамадзян, якія выехалі за мяжу за тры дні, нягледзячы на рэкамендацыі ўстрымацца ад такіх паездак. Кіраўніком дзяржавы пастаўлена задача вярнуць усіх беларускіх грамадзян ды яшчэ дапамагчы і расіянам, якія хочуць вярнуцца на радзіму (напрыклад, з Польшчы).
Лукашэнка згадаў непаразуменні, які ўзнікаюць з расійскім бокам.
«Расіяне на борт нашых людзей у Тайландзе не пускалі, – гаварыў беларускі кіраўнік. – Але, думаю, дамовімся. Гэта звычайная бязглуздзіца, гэта тупасць, глупства».
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, «інтэграцыя» будзе тады, калі Расія стане дзейнічаць інакш.
вс