Беларуская Служба

Макей: вынікі перамоваў па нафтавым пытанні з Польшчай могуць быць блізкім часам

21.03.2020 10:31
Праблемы з пастаўкамі нафты ў Беларусь пачаліся з 1 студзеня 2020 года.
Zdjęcie ilustracyjne
Zdjęcie ilustracyjneruskpp/shutterstock.com

Вынікі беларуска-польскіх перамоваў па рэверсных пастаўках нафты могуць быць ужо бліжэйшым часам. Пра гэта міністр замежных спраў Уладзімір Макей заявіў пасля перамоваў з прадстаўнікамі польскага ўрада. Перамовы ў фармаце відэаканферэнцыі адбыліся 20 сакавіка, паведамляе «Еўрарадыё».

З польскага боку ў перамовах удзельнічалі міністр замежных спраў Польшчы Яцак Чапутовіч і ўпаўнаважаны ўрада Польшчы па пытаннях стратэгічнай энергетычнай інфраструктуры Пётр Наімскі.

Беларускі дыпламат прызнаў, што з Пятром Наімскім абмяркоўваліся пытанні энергетычных паставак у Беларусь.

«Мы гаварылі пра канкрэтныя праекты. І ёсць разуменне, што неабходна рухацца далей. І вынікі могуць быць дасягнутыя бліжэйшым часам», – паведаміў Макей. Назваць канкрэтныя даты і аб'ёмы паставак ён адмовіўся.

Праблемы з пастаўкамі нафты ў Беларусь пачаліся з 1 студзеня 2020 года. Буйныя расійскія кампаніі, незадаволеныя памерамі прэміі, адмовіліся ад паставак. Беларусь пачала перамовы з Польшчай наконт рэверсных паставак расійскай нафты. Акрамя таго, частку нафты Мінск купляе ў Азербайджана, частку – пастаўляе група кампаній «Сафмар» Міхаіла Гуцарыева. Таксама ў сакавіку пастаўкамі сыравіны ў Беларусь заняліся некалькі невялікіх расійскіх кампаній.

вс