Беларуская Служба

Сусветны банк: У сувязі з пандэміяй беларуская эканоміка ў 2020 годзе скароціцца на 4%

10.04.2020 15:53
Сяреднетэрміновыя перспектывы эканамічна росту Беларусі застануцца слабымі нават з улікам аднаўлення глабальнага росту.
Доларыpasja1000/pixabay.com/CC0 Public Domain

У сувязі з пандэміяй беларуская эканоміка ў 2020 годзе скароціцца на 4% – такі прагноз прыводзіцца ў дакладзе Сусветнага банка пра ўплыў каранавіруса на эканоміку краін Еўропы і Цэнтральнай Азіі, паведамляе Радыё «Свабода» са спасылкай на агенцтва БелаПАН.

«Чакаецца, што ў 2020 годзе эканоміка Беларусі скароціцца на 4%, бо глабальны эканамічны спад, выкліканы каранавірусам, знізіць попыт на беларускі экспарт сыравінных тавараў і тавараў, якія пастаўляюцца ў краіны Еўрасаюза, Расіі і на іншыя рынкі», – гаворыцца ў дакладзе.

На думку экспертаў, нават калі пастаўкі нафты з Расіі адновяцца ў поўнай меры, абвал нафтавых цэнаў рэзка скароціць даходы ад замежнага гандлю і знізіць паступленні ў бюджэт ад замежнаэканамічнай дзейнасці. А калі яшчэ ўзнікнуць затрымкі з падпісаннем доўгатэрміновых кантрактаў на пастаўку калійных угнаенняў, экспартныя і бюджэтныя паступленні скароцяцца яшчэ больш.

Сяреднетэрміновыя перспектывы эканамічна росту Беларусі застануцца слабымі нават з улікам аднаўлення глабальнага росту, росту цэнаў на нафту і аднаўлення паставак расійскай нафты ў Беларусь, лічаць аналітыкі. Падатковы манеўр, які рэалізуецца Расіяй у нафтавай сферы, уяўляе сабой «пастаяннае пагаршэнне ўмоваў гандлю Беларусі і падрыў канкурэнтаздольнасці нафтахімічнага экспарту».

Яны перакананыя, што поспехі беларускай эканомікі залежаць ад рэфармавання дзяржаўнага сектара. Прадукцыйнасць у эканоміцы нізкая, бо ў ёй пераважаюць неэфектыўныя дзяржпрадпрыемствы, якія патрабуюць значнай фіскальнай падтрымкі, гаворыцца ў дакладзе.

вс