Дзевяць гадоў таму ў 17:56 на станцыі «Кастрычніцкая» спрацавала выбухоўка, пакінутая ў спартыўнай сумцы пад адной з лавачак. Была гадзіна пік, і ў гэты момант з боку «Уручча» да станцыі пад'язджаў перапоўнены цягнік, паведамляе «Еўрарадыё».
Ад выбуху загінулі 12 чалавек, яшчэ трое памерлі пазней у шпіталях у першыя дні пасля тэракту. Яшчэ некалькі мінчан памерлі з-за траўмаў, атрыманых у выніку выбуху.
Пацярпелымі ад выбуху былі прызнаныя 314 чалавек. Усім дзяржава аплачвала лячэнне і дапамагала з рэабілітацыяй.
Падазраваных у арганізацыі і здзяйсненні тэракту затрымалі на наступны дзень на здымнай кватэры ў доме па вуліцы Караля ў Мінску.
Было арыштавана пяць маладых людзей. Пазней траіх адпусцілі, а пад вартай пакінулі толькі дваіх фігурантаў справы – жыхароў Віцебску Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва. Ім і прадʼявілі абвінавачанне ў арганізацыі тэракту.
Суд па гэтай справе працягваўся з верасня па лістапад 2011 года. Працэс быў неадназначна ўспрынята ў грамадстве. На думку некаторых удзельнікаў працэсу, ён пакінуў шмат пытанняў і ня даў чаканых адказаў. Аднак, нягледзячы на розныя неадпаведнасці і прыведзеныя адвакатамі довады, абодвух абвінавачаных прысудзілі да расстрэлу.
Маці асуджанага Уладзіслава Кавалёва Любоў Кавалёва звярталася да Аляксандра Лукашэнкі, у ААН і ЕС з просьбамі па пераглядзе прысуду. Не дапамагло і прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі, якое Кавалёў да гэтага напісаў. У выніку прысуд быў прыведзены ў выкананне.
вс