Міністэрства нацыянальнай абароны Польшчы абвясціла аб рассакрэчванні інфармацыі аб ваеннай тэхніцы, перададзенай ва Украіну ў перыяд з 2022 па 2026 год. Гэта адказ на абвінавачванні некаторых апазіцыйных палітыкаў, у тым ліку былога міністра абароны Марыюша Блашчака (Mariusz Błaszczak) ад правай партыі «Права і справядлівасць» і віцэ-спікера Сейма Кшыштафа Босака (Krzysztof Bosak) ад крайне правай «Канфедэрацыі» ў тым, што ўрад мог перадаць Украіне ракеты-перахопнікі для сістэмы супрацьракетнай абароны «Patriot».
Віцэ-прэм'ер і міністр нацыянальнай абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш (Władysław Kosiniak-Kamysz) абвясціў у сацыяльных сетках, што ён рассакрэціць згаданую інфармацыю.
Супраць гэтага рашэння выступае генерал Раман Полька (Roman Polko).
— Пытанні бяспекі і перадачы ваеннай тэхнікі павінны быць засакрэчанымі, — кажа вайсковец. Ён тлумачыць, што такую інфармацыю неадкладна выкарыстае расійская разведка.
У сваю чаргу Кшыштаф Босак заявіў, што выказваецца за прыняцце закона, які заблакуе экспарт польскай зброі за мяжу без згоды парламента.
— Фінансаванне праграмы ўзбраення павінна атрымаць згоду парламента, але ўжо тое, што было куплена, можна перадаць за мяжу без згоды парламента — гэта ненармальная сітуацыя, — лічыць віцэ-спікер Сейма.
У сваю чаргу, намеснік міністра нацыянальнай абароны Цэзары Томчык (Cezary Tomczyk) запэўніў на платформе X, што пра кожнае ахвяраванне Мінабароны паведамляе прэзідэнту Каралю Наўроцкаму. Усё ўзгадняецца таксама з хаўруснікамі па НАТА і ЗША.
Палітык таксама раскрытыкаваў апазіцыйных палітыкаў. Паводле яго, ПіС спрабуе зрабіць палітычную спекуляцыю з пытанняў нацыянальнай бяспекі.
— Спадар Блашчак, выкарыстоўваючы фрагментарную і сакрэтную інфармацыю, падсілкоўвае прапаганду краін, варожых Польшчы, — дадаў намеснік міністра нацыянальнай абароны.
IAR/аз