Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» пачала кампанію за захаванне жыцця братам Станіславу і Іллі Косцевым, прысуджаным да смяротнага пакарання, паведамляюць naviny.by.
Арганізацыя заклікае напісаць ліст з заклікам захаваць жыццё Косцевым старшыні пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Генадзю Давыдзьку, які таксама ўзначальвае парламенцкую рабочую групу па вывучэнні праблематыкі смяротнага пакарання.
«Браты Станіслаў і Ілля Косцевы, 19 гадоў і 21 гады адпаведна, былі 10 студзеня прысуджаныя да смерці за забойства сваёй суседкі пад апладысменты публікі, якая прысутнічала ў Магілёўскім абласным судзе ў Беларусі, – гаворыцца ў заяве на сайце «Міжнароднай амністыі». – У бліжэйшы час іх справу разгледзіць Вярхоўны суд, і, калі ён пакіне ў сіле гэты прысуд, асуджаным пагражае немінучае пакаранне. Смяротнае пакаранне з'яўляецца вельмі жорсткім, бесчалавечным і зневажаючым годнасць відам пакарання; смяротныя прысуды асуджаным неабходна замяніць турэмным зняволеннем».
У заяве падкрэсліваецца, што «Міжнародная амністыя» ніякім чынам не апраўдвае таго, што здзейснілі Косцевы, і «толькі выступае за тое, каб іх смяротны прысуд быў заменены турэмным зняволеннем».
«Улады павінны прыняць да ўвагі ўсе абставіны, звязаныя з іх справай, і прытрымлівацца мер, накіраваных на тое, каб выправіць асуджаных, а не караць іх і помсціць ім, – адзначаецца ў заяве. – Смяротныя прысуды ў Беларусі прыводзяцца ў выкананне ў рэжыме строгай сакрэтнасці, без належнага паведамлення як саміх асуджаных, так і іх сваякоў або законных прадстаўнікоў. Улады адмаўляюцца перадаваць целы пакараных іх сваякам і нават паведамляць ім пра месца пахавання. Нягледзячы на звароты Камітэта ААН па правах чалавека да ўрада, пакаранні працягваюць праводзіць. Камітэт неаднаразова запытваў магчымасць разгледзець кожны канкрэтны смяротны прысуд да яго прывядзення ў выкананне. У лістападзе 2012 года Камітэт па правах чалавека прызнаў, што правядзенне смяротных пакаранняў у Беларусі парушае правы чалавека асуджаных і іх семʼяў».
10 красавіка стала вядома, што разгляд у апеляцыйным парадку справы братоў Косцевых перанесена з 24 красавіка на 22 траўня.
Браты прызнаныя вінаватымі ў забойстве 47-гадовай настаўніцы ў красавіку 2019 года.
Пасля застолля дома пʼяныя браты пайшлі да сваёй былой настаўніцы, каб разабрацца. Яны забілі суседку, скралі кампутар і прадукты харчавання, а затым, з мэтай схаваць сляды злачынства, падпалілі дом. Па дадзеных следства, жанчыне было нанесена больш за сто ўдараў нажом.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у 2019 годзе было пакарана як мінімум два чалавекі. У чэрвені стала вядома пра расстрэл Аляксандра Жыльнікава, якога разам з Вячаславам Сухарко прызналі вінаватым па справе аб забойстве трох чалавек у Мінску і Калодзішчах. Пра лёс Сухарко праваабаронцам дакладна не вядома, аднак яны схіляюцца да таго, што прысуд у дачыненні да яго таксама можа быць ужо выкананы.
naviny.by/ав