Беларуская Служба

АГП заклікала ўлады Беларусі правесці тэрміновую і маштабную амністыю

14.04.2020 15:16
Паводле апазіцыйнай партыі, гэта неабходна, каб «пазбегнуць ператварэння турмаў у брацкія магілы».
T.    .
Tурма. Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo:ErikaWittlieb/pixabay.com/CC0 Public Domain

Аб'яднаная грамадзянская партыя (АГП) заклікала ўлады Беларусі правесці тэрміновую і маштабную амністыю, каб пазбегнуць ператварэння турмаў у брацкія магілы, паведамляе Беларускі партызан.

«Улічваючы аслаблены імунітэт асуджаных і адсутнасць у калоніях, турмах і СІЗА якаснай медыцынскай дапамогі, немагчымасць ізаляцыі тых, хто захварэў, месцы пазбаўлення волі пагражаюць ператварыцца ў брацкія магілы. Любы выпадак захворвання гарантавана прывядзе да поўнага заражэння ўсіх», – заявіў лідэр АГП Мікалай Казлоў.

Ён спаслаўся на заяву Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека Мішэль Бачэлет, у якім яна заклікала дзяржавы як мага хутчэй пачаць скарачаць колькасць людзей за кратамі і прыняць тэрміновыя меры для абароны іх жыцця і здароўя ва ўмовах пандэміі COVID-19.

АГП прапануе амніставаць усіх людзей, якія ўчынілі злачынствы невялікай і сярэдняй цяжкасці, непаўналетніх, людзей сталага ўзросту, людзей з хранічнымі захворваннямі, жанчын, якія маюць непаўналетніх дзяцей.

«Заклікаю да амністыі асоб, асуджаных па сумна вядомай арт. 328 КК РБ, у адпаведнасці з якім тысячы маладых людзей атрымалі пакаранні, не прапарцыйныя цяжару правін, якія ў большасці цывілізаваных краінаў не зʼяўляюцца крымінальным злачынствам», – падкрэсліваецца ў заяве.

ав