Беларуская Служба

Беларускія ветэраны лічаць магчымым правесці парад 9 мая

16.04.2020 12:41
Між тым кіраўнік місіі СААЗ пацвердзіў рэкамендацыі спыніць масавыя мерапрыемствы, каментуючы мэтазгоднасць правядзення 9 мая ў Мінску ваеннага парада.
Парадны разлік Узброеных сіл Беларусіфота: ВаенТБ Беларусі/screen/youtube.com

Неабходнасці пераносіць Парад Перамогі з 9 мая на іншую дату ў сувязі з каранавіруснай інфекцыяй у Беларусі няма, гаворыцца ў каментары Беларускай арганізацыі ветэранаў. Пра гэта паведамляе «Наша Ніва», спасылаючыся на «Інтэрфакс-Захад».

«Прайшла інфармацыя пра тое, што расійскія ветэранскія арганізацыі папрасілі прэзідэнта Уладзіміра Пуціна перанесці парад у гонар 75-годдзя Перамогі ў Маскве. У Беларусі, мы лічым, такой неабходнасці няма. Сітуацыя дазваляе правесці парад 9 мая», – адзначаецца ў каментары арганізацыі ветэранаў.

Як паведамлялася, ветэранскія арганізацыі РФ накіравалі Уладзіміру Пуціну зварот з просьбай перанесці парад у гонар 75-годдзя Перамогі ў Маскве з 9 мая на больш познюю дату ў сувязі з каранавіруснай інфекцыяй. Пазней стала вядома, што рашэнне пра перанос парада ў Расіі прынятае і будзе агучанае ў найбліжэйшыя дні.

У сваю чаргу, дзяржсакратар Рады бяспекі Беларусі Андрэй Раўкоў падкрэсліў палітычную значнасць Парада Перамогі і паведаміў, што канчатковае рашэнне пра яго правядзенні ў Мінску будзе прынятае з улікам развіцця эпідэміялагічнай сітуацыі.

Між тым, як паведамлялася, кіраўнік місіі СААЗ, што працавала ў Беларусі, Патрык О'Конар пацвердзіў рэкамендацыі спыніць масавыя мерапрыемствы, каментуючы мэтазгоднасць правядзення 9 мая ў Мінску ваеннага парада.

вс