Беларуская Служба

Беларуская фатографка заняла другое месца на «World Press Photo»

17.04.2020 13:15
Серыя партрэтаў аўтарства беларускі называецца «Паміж правам і сорамам» і прысвечаная тэме абортаў у Беларусі.
Адна з гераіняў фотагісторыі Таццяны Ткачовай.

Таццяна Ткачова з Беларусі атрымала прыз міжнароднага фотаконкурсу «World Press Photo». Журы конкурсу прысудзіла работам беларускі другое месца ў намінацыі «Партрэты», перадае тэлеканал Белсат.

 «Для мяне вялікі гонар стаць часткай гэтай цудоўнай сям’і! Мае жанчыны атрымалі другі прыз! Я так усхваляваная! Але гэта не толькі мой прыз! Мая мама, сябры, дзякуй усім за падтрыманне!» – паведаміла Таццяна Ткачова ў Facebook.

Серыя партрэтаў аўтарства беларускі называецца «Паміж правам і сорамам» і прысвечаная тэме абортаў у Беларусі.

«У гэтым праекце беларускія жанчыны, якія разглядалі аборт, распавядаюць свае гісторыі. У жанчын быў цэлы шэраг праблем – ад забруджвання пасля Чарнобыльскай катастрофы да страху перад беднасцю, нежадання быць адзінокай маці ці сексуальнага гвалту. Іх рашэнні часта прымаліся з цяжкасцю, і ў гэтай гісторыі яны не хацелі паказваць свае твары, і іх імёны былі змененыя», – гаворыцца на сайце «World Press Photo».

Таццяна Ткачова скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў і Акадэмію дакументальнай фатаграфіі і фотажурналістыкі ў Санкт-Пецярбургу. Асноўная ўвага ў яе праектах надаецца жанчынам, асабліва тэмам гендарнага гвалту, канфліктаў і супраціву.

Таццяна Ткачова супрацоўнічае з беларускімі і замежнымі СМІ, у тым ліку з «Такие Дела», «The Guardian», «Der Spiegel Online», «Ostpol», «Lenta», «Звязда» і «Имена».

эж