Міжнародная арганізацыя працы (МАП) адрэагавала на намер беларускіх уладаў зладзіць 25 красавіка агульнарэспубліканскі суботнік на фоне пандэміі каранавіруснай інфекцыі SARS-CoV-2, якая выклікае захворванне COVID-19. Пра гэта паведамляе партал naviny.by.
Рашэнне аб правядзенні рэспубліканскага суботніка было прынята ўрадам.
Як адзначаецца ў лісце кіраўніка аддзела свабоды аб'яднання дэпартамента міжнародных працоўных нормаў МАП Карэн Керціс, выканаўчыя органы МАП у тэрміновым парадку звязаліся з прадстаўнікамі беларускіх уладаў.
«З прычыны цяперашніх абставінаў, звязаных з пандэміяй COVID-19, ад урада запатрабавалі забяспечыць, каб пастанова не было рэалізаваная ў суботу, 25 красавіка, у тым выглядзе, які не адпавядае ратыфікаваным Беларуссю канвенцыям», – адзначыла кіраўнік аддзела свабоды абʼяднання.
Кіраўнік Беларускага кангрэса незалежных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук з нагоды суботніка звярнуўся да генеральнага дырэктара Міжнароднай арганізацыі працы Гаю Райдару. У прыватнасці, ён адзначыў, што «цяпер улады рыхтуюць біялагічныя бомбы па ўсёй краіне», а таксама заклікаў працоўных да «масавага байкоту суботніка».
У сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка ў час паездкі ў Бабруйск заявіў, што не бачыць падстаў для яго пераносу ці адмены.
вс