Беларусы, якія трапілі ў дармаедскую базу, будуць аплачваць газазабеспячэнне і цеплазабеспячэнне па поўных тарыфах не з 1 мая гэтага года, як планавалася раней, а з 1 мая 2021 года. Змены прадугледжаныя пастановай урада № 252 ад 23 красавіка. Са студзеня мінулага года ўтрыманцы па поўных тарыфах аплачваюць гарачае водазабеспячэнне.
Нагадаем, у 2017 годзе ў сталіцы, абласных цэнтрах і іншых гарадах краіны праходзілі «маршы недармаедаў» – акцыі пратэсту супраць падатку на дармаедства, які ў наступным замянілі на аплату жыллёва-камунальных паслуг па поўных тарыфах.
З 1 мая беларусы, якія трапілі ў базу не занятага ў эканоміцы насельніцтва, павінны былі цалкам аплачваць ацяпленне і газ. Раней планавалася, што гэта адбудзецца з кастрычніка 2019 года, але ўлады перанеслі тэрмін.
Па ўсёй краіне тым часам праводзяць камісіі па садзейнічанні занятасці насельніцтва. Мясцовыя ўлады публікуюць расклад такіх пасяджэнняў, у некаторых выпадках графік склалі да канца года.
Улады раней прагназавалі, што «дармаедскія» жыроўкі атрымаюць 54 тысячы чалавек. Іх дасылаюць тым, хто трапіў пад дэкрэт па садзейнічанні занятасці насельніцтву, пры гэтым мае ва ўласнасці кватэры.
Пры гэтым па-ранейшаму невядома, колькі чалавек знаходзіцца ў базе незанятага ў эканоміцы насельніцтва і колькі з іх ужо атрымліваюць пацяжэлыя жыроўкі. Улады не раскрываюць гэтую інфармацыю.
ав