Беларуская Служба

Эстонія можа закрыць авіямаршрут на Мінск з-за сітуацыі з каранавірусам у Беларусі

15.05.2020 10:21
Палёты паміж Мінскам і Талінам здзяйсняюцца некалькі разоў на тыдзень.
Boeing 737-800
Boeing 737-800 авіякампаніі «Белавія»фота: авіякампанія «Белавія»

Эстонія можа закрыць авіямаршрут у Мінск з-за сітуацыі з каранавірусам у Беларусі. У Таліне адсочваюць узровень распаўсюду інфекцыі ў Беларусі. Як паведамляе «Еўрарадыё» са спасылкай на postimees.ee, эстонскі ўрад упаўнаважыў Міністэрства эканомікі і камунікацый сумесна з Міністэрствам сацыяльных спраў прымаць рашэнне наконт абмежавання працы авіякампаній з мэтай недапушчэння распаўсюджвання каранавіруса. Яны будуць арыентавацца на эпідэміялагічную сітуацыю ў Эстоніі і ў краінах, у якія здзяйсняюцца палёты.

Пакуль авіяспалучэнне аднавілі паміж краінамі Балтыі, рыхтуюцца да такога ж кроку з Нідэрландамі, Нарвегіяй, Даніяй. «Астатнія напрамкі мы будзем адкрываць паступова, калі сітуацыя гэта дазволіць», – сказаў міністр эканомікі і інфраструктуры Тааві Аас. Паводле яго слоў, «неабходна пры першай магчымасці закрыць мінскую авіялінію, паколькі ў Беларусі ўзровень распаўсюджвання віруса выклікае трывогу». Палёты паміж Мінскам і Талінам здзяйсняюцца некалькі разоў на тыдзень.

У Міністэрстве аховы здароўя Беларусі заяўляюць, што ў сітуацыі з каранавірусам краіна «выйшла на плато» – гэта значыць яна стабілізавалася. 14 траўня былі зарэгістраваныя чарговыя 947 выпадкаў каранавіруса, агулам іх было 26772. Памёр 151 чалавек.

У Эстоніі 1758 выпадкаў заражэння каранавірусам, памерлі 62 чалавекі.

вс