Беларуская Служба

Памёр заснавальнік TUT.by Юрый Зісер

17.05.2020 10:24
У сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй развітанне з Юрыем Зісерам пройдзе ў вузкім коле.
   Facebook
Юрый Зісер / Facebook .

17 траўня ў Мінску памёр Юрый Зісер – бізнесмен, грамадскі дзеяч і мецэнат, заснавальнік сайта TUT.by. Прычынай смерці стала працяглая хвароба, паведамляе «Еўрарадыё».

Юрый Зісер нарадзіўся 28 чэрвеня 1960 года ў Львове, у сям'і інжынера і музыканта. Вышэйшую адукацыю атрымаў у Паўночна-Заходнім політэхнічным інстытуце ў Санкт-Пецярбургу па спецыяльнасці «Электронныя вылічальныя машыны». Працаваў тэхнікам і праграмістам у Львове.

У 1980-х пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай, беларускім культуролагам Юліяй Чарняўскай. Разам з ёй зʼехаў у Мінск.

У 1992 годзе заснаваў кампанію «Надзейныя праграмы», якая займалася распрацоўкай праграмнага забеспячэння для банкаўскай сферы. У 2000 годзе стаў адным са стваральнікаў сайта TUT.by. Спачатку гэта быў бясплатны паштовы сэрвіс. З часам на сайце зʼявіліся навіны. За некалькі гадоў TUT.by стаў адным з галоўных сайтаў байнэту.

Калегі называлі Зісера «ЮА» – скарачэнне ад Юрый Анатольевіч. Паступова ён перастаў умешвацца ў рэдакцыйную палітыку партала, аднак займаў актыўную грамадзянскую пазіцыю – рэгулярна публікаваў там калонкі на актуальныя тэмы.

Зісер шмат займаўся дабрачыннасцю – падтрымліваў грамадскія ініцыятывы, удзельнічаў у крауд-кампаніях. Ён захапляўся арганнай музыкай (нават атрымаў другую вышэйшую адукацыю – музычную, па класе аргана) і дапамагаў аднаўляць арганы па ўсёй Беларусі. Адно з апошніх ахвяраванняў Юрыя Зісера – 45 тысяч рублёў на барацьбу з каранавірусам.

У сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй развітанне з Юрыем Зісерам пройдзе ў вузкім коле.

эж