Беларуская Служба

Першыя скаргі на выбары ў Беларусі

19.05.2020 16:01
Восем вылучэнцаў на прэзідэнцкія выбары абвінавачваюць ЦВК у незаконнай нерэгістрацыі іх ініцыятыўных груп.
Здымак мае ілюстрацыйны характарImage by Niek Verlaan from Pixabay/CC0

На днях Цэнтрвыбаркам Беларусі адмовіў у рэгістрацыі васьмі ініцыятыўным групам «кандыдатаў пратэсту» палітыка Мікалая Статкевіча, паведамляе ПЦ "Вясна".

Не былі зарэгістраваныя ініцыятыўныя груп прэтэндэнтаў і прэтэндэнтак Анжалікі Жалезняковай, Веранікі Мішчанкі, Аляксандра Грачышнікава, Вольгі Нікалайчык, Вікторыі Хаценка, Ігара Кляшчука, Валянціна Фралова, Антаніны Вішняковай

Прычынамі ў адмове ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп паслужыла наступнае. Па-першае, ЦВК палічыў, што шэраг звестак у дачыненні да 38 грамадзянаў з 560 чалавек не адпавядае рэчаіснасці. Па-другое, Цэнтрвыбаркам палічыў, што ў склад ініцыятыўнай групы па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты ўключаны грамадзяне, якія не давалі згоду на ўдзел у ёй і наагул не ведаюць пра існаванне такой групы. Паводле падлікаў ЦВК такая колькасць чалавек складае 47 чалавек.

«Кандыдаты пратэсту» не згодныя з довадамі ЦВК і лічаць, што адмова ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў сувязі з наяўнасцю тэхнічных памылак зʼяўляецца несуразмернай мерай. На іх думку, гэта абмяжоўвае права на вольны ўдзел у выбарах. «Кандыдаты пратэсту» падалі скаргу на рашэнне ЦВК у Вярхоўны суд, бо лічаць дзеянні выбаркаму незаконнымі.

«Кандыдаты пратэсту» просяць Вярхоўны суд правесці праверку і прызнаць пастанову ЦВК аб адмове ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп грамадзянаў па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь ад 15 траўня незаконнай, якая ўшчамляе выбарчыя правы 513 сябраў ініцыятыўнай групы.

юл