Беларуская Служба

ЕЗ ухваліў візавае пагадненне з Беларуссю

28.05.2020 08:45
Цяпер шэнгенскія візы для беларусаў будуць каштаваць 35 еўра.
.
.GregMontani/pixabay.com/CC0

Савет ЕЗ ухваліў пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі з Беларуссю. Чакаецца, што яна ўступіць у сілу з 1 ліпеня, паведамляе tut.by.

- Сёння Савет ухваліў рашэнне аб заключэнні пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму і пагадненні аб рэадмісіі з Беларуссю, – гаворыцца ў заяве Савета ЕЗ, распаўсюджанай у сераду ў Брусэлі.

У адпаведнасці з пагадненнем аб спрашчэнні візавага рэжыму кошт кароткатэрміновых шэнгенскіх візаў для беларускіх грамадзян зніжаецца з 80 да 35 еўра. Скарачаецца спіс дакументаў, якія неабходна падаць пры звароце па візы, прадугледжваецца магчымасць выдачы шматразовых віз на тэрмін ад аднаго года да пяці гадоў. Час прыняцця рашэння аб выдачы візы скароціцца да 10 дзён, многія катэгорыі грамадзян змогуць звяртацца па бясплатную візу.

- Мы чакаем, што ў бліжэйшы час атрымаем ад нашых еўрапейскіх партнёраў афіцыйнае апавяшчэнне аб завяршэнні Еўразвязам афіцыйнай працэдуры ратыфікацыі, – пракаментаваў TUT.BY навіну намеснік начальніка ўпраўлення інфармацыі беларускага МЗС Андрэй Шупляк.

Дыпламат дадаў, што калі такое апавяшчэнне паступіць да канца траўня, то ўжо з 1 ліпеня кошт «шэнгену» для беларусаў будзе складаць 35 еўра замест цяперашніх васьмідзесяці.

Як раней тлумачылі ў беларускім МЗС, «дамовы ўступяць у сілу ў першы дзень другога месяца пасля атрымання адпаведнага паведамлення ад еўрапейскага боку».

Пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму і аб рэадмісіі былі падпісаны 8 студзеня 2020 года ў Бруселі.

Законы аб ратыфікацыі пагадненняў былі прыняты Палатай прадстаўнікоў і адобраны Саветам Рэспублікі 2 красавіка. Аляксандр Лукашэнка падпісаў іх 9 красавіка, завяршыўшы працэдуру ратыфікацыі. 13 мая пагадненне ўхваліў Еўрапарламент.

ав